![]() | Официальная правовая информация |
ПАСТАНОВА МІНІСТЭРСТВА КУЛЬТУРЫ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
29 верасня 2023 г. № 142
Аб зацвярджэнні праекта зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Былы кальвінскі збор» па вул. Юбілейнай, 1 у аграгарадку Расна Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці
На падставе пункта 3 артыкула 105 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры і абзаца пятага падпункта 5.27 пункта 5 Палажэння аб Міністэрстве культуры, зацверджанага пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 17 студзеня 2017 г. № 40, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ПАСТАНАЎЛЯЕ:
1. Зацвердзіць праект зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Былы кальвінскі збор» па вул. Юбілейнай, 1 у аграгарадку Расна Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці (дадаецца).
2. Дадзеная пастанова ўступае ў сілу пасля яе афіцыйнага апублікавання.
Міністр |
А.М.Маркевіч |
|
Пастанова 29.09.2023 № 142 |
Праект зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Былы кальвінскі збор» па вул. Юбілейнай, 1 у аграгарадку Расна Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці
ГЛАВА 1
АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННІ
1. Праект зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Былы кальвінскі збор» па вул. Юбілейнай, 1 у аграгарадку Расна Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці (далей – праект зон аховы) распрацаваны на падставе пункта 3 артыкула 105 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры.
2. «Былы кальвінскі збор» па вул. Юбілейнай, 1 у аграгарадку Расна Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці з’яўляецца нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасцю катэгорыі «3» (далей – гісторыка-культурная каштоўнасць), якая ўключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь пад шыфрам 113Г000723.
3. Праект зон аховы распрацаваны філіялам «Брэстрэстаўрацыяпраект» адкрытага акцыянернага таварыства «Белрэстаўрацыя» па заказе адкрытага акцыянернага таварыства «Белавежскі».
4. Праект зон аховы распрацаваны з мэтай забеспячэння захавання гісторыка-культурнай каштоўнасці і яе навакольнага асяроддзя, заключаецца ў вызначэнні мяжы тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці, ахоўнай зоны гісторыка-культурнай каштоўнасці (далей – ахоўная зона), зоны рэгулявання забудовы гісторыка-культурнай каштоўнасці (далей – зона рэгулявання забудовы) і іх межаў, рэжымаў іх утрымання і выкарыстання.
5. Праект зон аховы распрацаваны на падставе архіўна-бібліяграфічных даследаванняў, аналізу горадабудаўнічай сітуацыі і ландшафту.
Схема зон аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці дадаецца.
ГЛАВА 2
ТЭРЫТОРЫЯ ГІСТОРЫКА-КУЛЬТУРНАЙ КАШТОЎНАСЦІ. АХОЎНАЯ ЗОНА
6. Тэрыторыя гісторыка-культурнай каштоўнасці і ахоўная зона вызначаны зыходзячы з патрабаванняў неабходнасці фізічнага і эстэтычнага захавання гісторыка-культурнай каштоўнасці і стварэння неабходных умоў для яе ўспрымання.
7. Ахоўная зона супадае з тэрыторыяй гісторыка-культурнай каштоўнасці.
8. Мяжой тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці і ахоўнай зоны згодна з дадаткам з’яўляюцца:
на захадзе – умоўная прамая лінія, якая ідзе на адлегласці 20 м ад заходняй сцяны гісторыка-культурнай каштоўнасці ад кропкі 1, якая знаходзіцца ў створы паўночнай сцяны дома па вул. Юбілейнай, 9, да кропкі 2;
на поўначы – умоўная прамая лінія, якая ідзе на адлегласці 10 м ад апсіды гісторыка-культурнай каштоўнасці на ўсход ад кропкі 2 да кропкі 3;
на ўсходзе – умоўная прамая лінія, якая ідзе на адлегласці 20 м ад усходняй сцяны гісторыка-культурнай каштоўнасці на поўдзень ад кропкі 3 да кропкі 4;
на поўдні – умоўная прамая лінія, якая ідзе на паўночны захад па паўночнаму боку тратуара па вул. Юбілейнай ад кропкі 4 да кропкі 5; далей уздоўж усходняй і паўночнай сцяны дома па вул. Юбілейнай, 9 праз кропку 6 да кропкі 1.
9. На тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці і ахоўнай зоны забараняецца:
ажыццяўленне дзейнасці без уліку Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры;
добраўпарадкаванне, якое прыводзіць да пагаршэння ўмоў успрымання гісторыка-культурнай каштоўнасці, у тым ліку пасадка новых дрэў;
новае капітальнае будаўніцтва;
пракладка новых інжынерных камунікацый, не звязаных з функцыянаваннем гісторыка-культурнай каштоўнасці;
усталяванне сродкаў вонкавай рэкламы.
ГЛАВА 3
ЗОНА РЭГУЛЯВАННЯ ЗАБУДОВЫ
10. Зона рэгулявання забудовы ўстаноўлена зыходзячы з неабходнасці рэгламентавання маштабу новага будаўніцтва і рэканструкцыі існуючай забудовы на тэрыторыі ў непасрэднай блізкасці да гісторыка-культурнай каштоўнасці з улікам стварэння неабходных умоў для ўспрымання гісторыка-культурнай каштоўнасці.
11. Мяжой тэрыторыі зоны рэгулявання забудовы згодна з дадаткам з’яўляюцца:
на поўдні – умоўная прамая лінія, якая ідзе па паўночнаму боку тратуара па вул. Юбілейнай ад кропкі 5 да кропкі 7;
на захадзе – умоўная прамая лінія, якая ідзе ў заходнім створы аднапавярховай гаспадарчай пабудовы ад кропкі 7 да кропкі 8;
на поўначы – умоўная прамая лінія, якая ідзе перпендыкулярна восі вул. Сацыялістычнай у створы гаражоў на ўсход ад кропкі 8 да кропкі 9;
на ўсходзе – умоўная ламаная лінія, якая ідзе на поўдзень па заходняму боку тратуара па вул. Сацыялістычнай ад кропкі 9 праз кропку 10 да кропкі 11;
на поўдні – умоўная прамая лінія, якая ідзе па паўночнаму боку тратуара па вул. Юбілейнай ад кропкі 11 на паўночны захад да кропкі 4; далей па мяжы ахоўнай зоны праз кропкі 3-2-1-6 да кропкі 5.
12. На тэрыторыі зоны рэгулявання забудовы забараняецца:
узвядзенне будынкаў і збудаванняў вышынёй больш за адзін паверх з мансардай (вышэй за 8 м ад узроўню глебы да вышэйшай адзнакі даху) і без ужывання гістарычных параметраў (прапорцый) будынкаў;
рамонт і рэканструкцыя існуючых будынкаў і збудаванняў з выкарыстаннем нетрадыцыйных будаўнічых матэрыялаў і колераў, а таксама нехарактэрных архітэктурных прыёмаў (вышыня пабудоў не павінна быць вышэй за 8 м ад узроўню глебы да вышэйшай адзнакі даху);
усталяванне з боку вуліц агароджы светапразрыстасцю меней за 50 %, вышынёй больш за 1,5 м і без выкарыстання традыцыйных форм, матэрыялаў і колераў;
добраўпарадкаванне, якое пагаршае ўмовы ўспрымання гісторыка-культурнай каштоўнасці.
13. На тэрыторыі зоны рэгулявання забудовы рэкамендуецца прыняць меры па нейтралізацыі дысгарманічных пабудоў.