![]() | Официальная правовая информация |
ПАСТАНОВА МІНІСТЭРСТВА КУЛЬТУРЫ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
11 верасня 2023 г. № 125
Аб зацвярджэнні праекта зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Парахавы склеп № 4» па вул. Фортавай, 1/1 у г. Брэсце Брэсцкай вобласці
На падставе пункта 3 артыкула 105 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры і абзаца пятага падпункта 5.27 пункта 5 Палажэння аб Міністэрстве культуры, зацверджанага пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 17 студзеня 2017 г. № 40, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ПАСТАНАЎЛЯЕ:
1. Зацвердзіць праект зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Парахавы склеп № 4» па вул. Фортавай, 1/1 у г. Брэсце Брэсцкай вобласці (дадаецца).
2. Дадзеная пастанова ўступае ў сілу пасля яе афіцыйнага апублікавання.
Міністр |
А.М.Маркевіч |
|
Пастанова 11.09.2023 № 125 |
Праект зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Парахавы склеп № 4» па вул. Фортавай, 1/1 у г. Брэсце Брэсцкай вобласці
ГЛАВА 1
АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННІ
1. Праект зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Парахавы склеп № 4» па вул. Фортавай, 1/1 у г. Брэсце Брэсцкай вобласці (далей – праект зон аховы) распрацаваны на падставе пункта 3 артыкула 105 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры.
2. «Парахавы склеп № 4» па вул. Фортавай, 1/1 у г. Брэсце Брэсцкай вобласці з’яўляецца нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасцю катэгорыі «без катэгорыі» (далей – гісторыка-культурная каштоўнасць), унесенай у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь пад шыфрам 111Г000741.
3. Праект зон аховы распрацаваны філіялам «Брэстрэстаўрацыяпраект» адкрытага акцыянернага таварыства «Белрэстаўрацыя» па заказе дзяржаўнай установы «Цэнтр па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый Брэсцкага раёна».
4. Праект зон аховы распрацаваны з мэтай забеспячэння захавання гісторыка-культурнай каштоўнасці і яе навакольнага асяроддзя, вызначае мяжу тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці, ахоўную зону гісторыка-культурнай каштоўнасці (далей – ахоўная зона) і зону аховы ландшафту гісторыка-культурнай каштоўнасці (далей – зона аховы ландшафту), іх межы і рэжымы ўтрымання і выкарыстання.
5. Праект зон аховы распрацаваны на падставе архіўна-бібліяграфічных даследаванняў, аналізу горадабудаўнічай сітуацыі і ландшафту.
Схема зон аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці дадаецца.
ГЛАВА 2
ТЭРЫТОРЫЯ ГІСТОРЫКА-КУЛЬТУРНАЙ КАШТОЎНАСЦІ
6. Тэрыторыя гісторыка-культурнай каштоўнасці вызначана ў межах тэрыторыі, на якой знаходзяцца рэшткі бетонных блокаў парахавога склепа.
7. Мяжой тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці з’яўляецца ўмоўная лінія, якая праходзіць праз кропкі 1–6.
8. На тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці дзейнасць павінна выконвацца ў межах патрабаванняў Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры.
ГЛАВА 3
АХОЎНАЯ ЗОНА
9. Ахоўная зона вызначана для забеспячэння захаванасці гісторыка-культурнай каштоўнасці і яе навакольнага асяроддзя, найлепшага зрокавага ўспрымання гісторыка-культурнай каштоўнасці.
10. Мяжой ахоўнай зоны з’яўляюцца:
на паўночным захадзе – умоўная прамая лінія, якая ідзе ад кропкі 7 да кропкі 8 паралельна паўночна-заходняму фасаду склепа і знаходзіцца на адлегласці 30 м ад рэшткаў яго ўзарванай часткі;
на паўночным усходзе – умоўная прамая лінія, якая ідзе ад кропкі 8 да кропкі 9 паралельна паўночна-ўсходняму фасаду склепа;
на паўднёвым усходзе – умоўная прамая лінія, якая ідзе ад кропкі 9 да кропкі 10 паралельна паўднёва-ўсходняму фасаду склепа;
на паўднёвым захадзе – умоўная прамая лінія, якая ідзе ад кропкі 10 да кропкі 7 паралельна рэшткам паўднёва-заходняга фасада склепа.
11. На тэрыторыі ахоўнай зоны забараняецца:
будаўніцтва будынкаў і збудаванняў, акрамя пракладкі неабходных камунікацый;
усталяванне сродкаў вонкавай рэкламы, якія ствараюць перашкоды для візуальнага ўспрымання аб’ёмна-прасторавых рашэнняў, элементаў і дэталей архітэктурнага дэкору гэтых гісторыка-культурных каштоўнасцей, а таксама навакольнага асяроддзя;
пасадка дрэў.
ГЛАВА 4
ЗОНА АХОВЫ ЛАНДШАФТУ
12. Зона аховы ландшафту вызначана з мэтай стварэння спрыяльных умоў для візуальнага ўспрымання гісторыка-культурнай каштоўнасці і захавання прыроднага асяроддзя гісторыка-культурнай каштоўнасці.
13. Мяжой зоны аховы ландшафту з’яўляюцца:
на паўночным захадзе – умоўная прамая лінія, якая ідзе ад кропкі 11 да кропкі 12 паралельна вул. Старадарожнай і знаходзіцца ў створы з агароджамі прыватных землеўладанняў уздоўж вул. Старадарожнай;
на ўсходзе – умоўная ламаная лінія, якая ідзе ўздоўж агароджы зямельнага ўчастка па вул. Свята-Афанасьеўская, 2Б ад кропкі 12 на паўднёвы ўсход праз кропку 13 да кропкі 8;
на поўдні – умоўная ламаная прамая лінія, якая ідзе па мяжы ахоўнай зоны ад кропкі 8 праз кропку 7 да кропкі 14;
на паўднёвым усходзе – умоўная прамая лінія, якая ідзе ад кропкі 14 да кропкі 15;
на паўднёвым захадзе – умоўная прамая лінія, якая ідзе ўздоўж агароджы зямельнага ўчастка па вул. Старадарожнай, 1А ад кропкі 15 на паўночны захад да кропкі 11.
14. На тэрыторыі зоны аховы ландшафту забараняецца:
узвядзенне будынкаў і збудаванняў, акрамя пракладкі падземных камунікацый;
памяншэнне плошчы зялёных насаджэнняў;
усталяванне сродкаў вонкавай рэкламы і іншых інфармацыйных указальнікаў, якія ствараюць перашкоды для візуальнага ўспрымання аб’ёмна-прасторавых уласцівасцей і элементаў гісторыка-культурнай каштоўнасці;
дзейнасць, якая прыводзіць да змены рэльефу і характару ландшафту.