![]() | Официальная правовая информация |
ПАСТАНОВА МІНІСТЭРСТВА КУЛЬТУРЫ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
24 сакавіка 2022 г. № 9
Аб зацвярджэнні праекта зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Мячэць» па вул. Савецкай, 78 у г. Іўе Іўеўскага раёна Гродзенскай вобласці
На падставе пункта 3 артыкула 105 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры і абзаца пятага падпункта 5.27 пункта 5 Палажэння аб Міністэрстве культуры, зацверджанага пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 17 студзеня 2017 г. № 40, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ПАСТАНАЎЛЯЕ:
1. Зацвердзіць праект зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Мячэць» па вул. Савецкай, 78 у г. Іўе Іўеўскага раёна Гродзенскай вобласці (дадаецца).
2. Дадзеная пастанова ўступае ў сілу пасля яе афіцыйнага апублікавання.
Міністр |
А.М.Маркевіч |
|
Пастанова |
ПРАЕКТ
зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Мячэць» па вул. Савецкай, 78 у г. Іўе Іўеўскага раёна Гродзенскай вобласці
ГЛАВА 1
АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННІ
1. Праект зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Мячэць» па вул. Савецкай, 78 у г. Іўе Іўеўскага раёна Гродзенскай вобласці (далей – праект зон аховы) распрацаваны на падставе пункта 3 артыкула 105 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры.
2. Мячэць па вул. Савецкай, 78 у г. Іўе Іўеўскага раёна Гродзенскай вобласці з’яўляецца нерухомай гісторыка-культурнай каштоўнасцю катэгорыі «2» (далей – гісторыка-культурная каштоўнасць), унесенай у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь пад шыфрам 412Г000288 у адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 14 мая 2007 г. № 578 «Аб статусе гісторыка-культурных каштоўнасцей».
У адпаведнасці з пастановай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ад 22 чэрвеня 2020 г. № 50 «Аб гісторыка-культурных каштоўнасцях» удакладнена месцазнаходжанне гісторыка-культурнай каштоўнасці.
3. Праект зон аховы распрацаваны праектным філіялам адкрытага акцыянернага таварыства «Белрэстаўрацыя» па заказе мусульманскай рэлігійнай абшчыны г. Іўя.
4. Праект зон аховы распрацаваны з мэтай забеспячэння захавання гісторыка-культурнай каштоўнасці і яе навакольнага асяроддзя, вызначае зоны аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці і іх межы, рэжымы ўтрымання і выкарыстання зон аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці.
5. Праект зон аховы распрацаваны на падставе архіўна-бібліяграфічных даследаванняў, аналізу горадабудаўнічай сітуацыі і ландшафту.
6. Праектам зон аховы ўстаноўлены ахоўная зона, зона рэгулявання забудовы і зона аховы ландшафту і іх межы.
Схема зон аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці дадаецца.
ГЛАВА 2
АХОЎНАЯ ЗОНА
7. Ахоўная зона гісторыка-культурнай каштоўнасці (далей – ахоўная зона) устаноўлена вакол гісторыка-культурнай каштоўнасці ў межах існуючай агароджы.
8. Мяжа ахоўнай зоны ўстаноўлена ў адпаведнасці з дадаткам.
9. На тэрыторыі ахоўнай зоны забараняецца:
узвядзенне будынкаў і збудаванняў, акрамя пракладкі падземных інжынерных камунікацый;
размяшчэнне рэкламных канструкцый.
ГЛАВА 3
ЗОНА РЭГУЛЯВАННЯ ЗАБУДОВЫ
10. Зона рэгулявання забудовы гісторыка-культурнай каштоўнасці (далей – зона рэгулявання забудовы) вызначана на падставе зоны бачнасці будынка мячэці з мэтай захавання маштабу забудовы ў непасрэднай блізкасці ад гісторыка-культурнай каштоўнасці і для забеспячэння спрыяльных умоў успрымання гісторыка-культурнай каштоўнасці.
11. Зона рэгулявання забудовы ўстаноўлена на тэрыторыі, непасрэдна прылеглай да ўчастка па вул. Савецкай, 78 у г. Іўе Іўеўскага раёна Гродзенскай вобласці.
12. Мяжа зоны рэгулявання забудовы ўстаноўлена ў адпаведнасці з дадаткам.
13. На тэрыторыі зоны рэгулявання забудовы забараняецца:
узвядзенне будынкаў і збудаванняў, надбудова існуючых будынкаў і збудаванняў вышэй за 7,0 м ад узроўню зямлі да ўзроўню канька даху (вышэй узроўню карніза будынка мячэці);
узвядзенне жылых будынкаў бліжэй за 17 м ад будынка мячэці на тэрыторыі ўчасткаў па вул. Савецкай, 76 і 80 у г. Іўе Іўеўскага раёна Гродзенскай вобласці;
размяшчэнне прамысловых прадпрыемстваў, транспартна-складскіх і іншых збудаванняў, якія ствараюць вялікія грузавыя патокі, забруджваюць паветраны і водны басейны, з’яўляюцца выбухова- і пажаранебяспечнымі.
ГЛАВА 4
ЗОНА АХОВЫ ЛАНДШАФТУ
14. Зона аховы ландшафту гісторыка-культурнай каштоўнасці (далей – зона аховы ландшафту) устаноўлена на тэрыторыі старых могілак.
15. Мяжа зоны аховы ландшафту ўстаноўлена ў адпаведнасці з дадаткам.
16. У зоне аховы ландшафту забараняецца:
узвядзенне будынкаў і збудаванняў, якія не адносяцца да могілак;
вынас камянёў, якія абазначаюць старажытныя пахаванні.
|
да праекта зон аховы нерухомай |
СХЕМА ЗОН АХОВЫ ГІСТОРЫКА-КУЛЬТУРНАЙ КАШТОЎНАСЦІ