![]() | Официальная правовая информация |
ПАСТАНОВА МІНІСТЭРСТВА КУЛЬТУРЫ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
1 кастрычніка 2021 г. № 60
Аб зацвярджэнні праекта зон аховы нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей хутара Дзяржынава Стаўбцоўскага раёна Мінскай вобласці
На падставе пунктаў 2 і 3 артыкула 105 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры і абзаца пятага падпункта 5.27 пункта 5 Палажэння аб Міністэрстве культуры, зацверджанага пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 17 студзеня 2017 г. № 40, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ПАСТАНАЎЛЯЕ:
1. Зацвердзіць праект зон аховы нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей хутара Дзяржынава Стаўбцоўскага раёна Мінскай вобласці (дадаецца).
2. Дадзеная пастанова ўступае ў сілу пасля яе афіцыйнага апублікавання.
Міністр |
А.М.Маркевіч |
|
Пастанова |
Праект зон аховы нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей хутара Дзяржынава Стаўбцоўскага раёна Мінскай вобласці
ГЛАВА 1
АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННІ
1. Праект зон аховы нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей хутара Дзяржынава Стаўбцоўскага раёна Мінскай вобласці (далей – праект зон аховы) распрацаваны на падставе пунктаў 2 і 3 артыкула 105 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры.
2. Мемарыяльны комплекс «Дзяржынава» на хутары Дзяржынава Стаўбцоўскага раёна Мінскай вобласці з’яўляецца нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасцю катэгорыі «3», якая ўключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь пад шыфрам 613Д000612 у адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 14 мая 2007 г. № 578 «Аб статусе гісторыка-культурных каштоўнасцей».
Помнік Ф.Э.Дзяржынскаму на хутары Дзяржынава Стаўбцоўскага раёна Мінскай вобласці з’яўляецца нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасцю катэгорыі «2», якая ўключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь пад шыфрам 612Ж000613 у адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 14 мая 2007 г. № 578.
3. Праект зон аховы распрацаваны індывідуальным прадпрымальнікам Рутай Уладзіславам Карлавічам па заказе Стаўбцоўскага раённага выканаўчага камітэта.
4. Праект зон аховы распрацаваны з мэтай забеспячэння захавання нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей і іх навакольнага асяроддзя, вызначае мяжу нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Мемарыяльны комплекс «Дзяржынава» на хутары Дзяржынава Стаўбцоўскага раёна Мінскай вобласці (далей – гісторыка-культурная каштоўнасць), зоны аховы і іх межы, рэжымы ўтрымання і выкарыстання зон аховы гісторыка-культурных каштоўнасцей.
5. Праект зон аховы распрацаваны на падставе архіўна-бібліяграфічных і натурных даследаванняў, аналізу горадабудаўнічай сітуацыі і ландшафту.
6. Праектам зон аховы ўстаноўлены тэрыторыя гісторыка-культурнай каштоўнасці і наступныя зоны аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці: ахоўная зона, зона аховы ландшафту, зона рэгулявання забудовы і зона аховы культурнага пласта (слоя).
Схема зон аховы нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей хутара Дзяржынава Стаўбцоўскага раёна Мінскай вобласці дадаецца.
ГЛАВА 2
ТЭРЫТОРЫЯ ГІСТОРЫКА-КУЛЬТУРНАЙ КАШТОЎНАСЦІ
7. Тэрыторыя гісторыка-культурнай каштоўнасці супадае з межамі сядзібы «Дзяржынава».
Плошча тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці складае 1,67 га.
8. Мяжой тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці з’яўляецца ўмоўная лінія, якая праходзіць ад кропкі 1 праз кропкі 2–6 да кропкі 1.
9. Пры ажыццяўленні дзейнасці на тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці павінны выконвацца патрабаванні Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры.
ГЛАВА 3
АХОЎНАЯ ЗОНА
10. Ахоўная зона ўстаноўлена зыходзячы з неабходнасці захавання гісторыка-культурных каштоўнасцей і стварэння спрыяльных умоў для іх найлепшага ўспрымання.
Плошча ахоўнай зоны складае 1,67 га.
11. Мяжой ахоўнай зоны з’яўляецца ўмоўная лінія, якая праходзіць уздоўж мяжы тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці ад кропкі 1 праз кропку 6 да кропкі 5. Далей уздоўж мяжы зоны рэгулявання забудовы першага рэжыму ўтрымання ад кропкі 5 да кропкі 7. Далей ад кропкі 7 да кропкі 1 праз кропкі 15, 16, 14, 13 і 12.
12. На тэрыторыі ахоўнай зоны забараняецца:
узвядзенне новых будынкаў і збудаванняў, акрамя пракладкі і мадэрнізацыі падземных інжынерных камунікацый;
устаноўка рэкламных канструкцый;
ажыццяўленне дзейнасці без выканання патрабаванняў Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры.
ГЛАВА 4
ЗОНА РЭГУЛЯВАННЯ ЗАБУДОВЫ
13. Зона рэгулявання забудовы ўстаноўлена зыходзячы з неабходнасці рэгламентавання маштабу новага будаўніцтва, рэканструкцыі існуючай забудовы на тэрыторыях, прылеглых да гісторыка-культурных каштоўнасцей. Зона рэгулявання забудовы складаецца з двух участкаў.
14. Межы зоны рэгулявання забудовы вызначаны з улікам неабходнай гаспадарчай дзейнасці па абслугоўванні патрэб гісторыка-культурнай каштоўнасці.
15. Плошча зоны рэгулявання забудовы першага рэжыму ўтрымання складае 2,89 га.
Мяжой зоны рэгулявання забудовы першага рэжыму ўтрымання з’яўляецца ўмоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 11 да кропкі 7 праз кропкі 10, 9 і 8. Далей уздоўж ахоўнай зоны ад кропкі 7 да кропкі 5, далей уздоўж тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці ад кропкі 5 праз кропку 4 да кропкі 11.
16. На тэрыторыі зоны рэгулявання забудовы першага рэжыму ўтрымання забараняецца:
размяшчэнне прамысловых прадпрыемстваў (акрамя народных рамёстваў), гандлёва-складскіх (акрамя сувенірных), якія павялічваюць грузавыя патокі, забруджваюць паветраны і водны басейны, выбухова- і пажаранебяспечныя;
узвядзенне будынкаў і збудаванняў вышэй за 8 м ад узроўню глебы да ўзроўню вільчака даху;
рамонт, рэканструкцыя і мадэрнізацыя існуючай забудовы з павелічэннем павярховасці.
17. Зона рэгулявання забудовы другога рэжыму ўтрымання – пляцоўка аўтатранспарту.
Плошча зоны рэгулявання забудовы ўчастка другога рэжыму ўтрымання складае 0,22 га.
18. Мяжой зоны рэгулявання забудовы ўчастка другога рэжыму ўтрымання з’яўляецца ўмоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 16 уздоўж ахоўнай зоны да кропкі 15; далей праз кропкі 17 і 18 да кропкі 16.
19. На тэрыторыі зоны рэгулявання забудовы другога рэжыму ўтрымання забараняецца будаўніцтва капітальных пабудоў, акрамя збудавання аўтобуснага прыпынку і ўладкавання кіёскаў вышынёй не болей за 3 м ад узроўню зямлі.
ГЛАВА 5
ЗОНА АХОВЫ ЛАНДШАФТУ
20. Зона аховы ландшафту вызначана з мэтай захавання прыроднага асяроддзя, візуальна звязанага з гісторыка-культурнай каштоўнасцю, і мае дзве мяжы – знешнюю і ўнутраную.
21. Знешняй мяжой зоны аховы ландшафту з’яўляецца ўмоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 18 праз кропкі 19–32 да кропкі 17, далей уздоўж мяжы зоны рэгулявання забудовы другога рэжыму ўтрымання ад кропкі 17 да кропкі 18.
22. Унутраная мяжа зоны аховы ландшафту ідзе ўздоўж мяжы зоны рэгулявання забудовы другога рэжыму ўтрымання ад кропкі 18 да кропкі 16; далей уздоўж мяжы ахоўнай зоны ад кропкі 16 праз кропкі 14, 13, 12 да кропкі 1. Далей уздоўж мяжы тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці ад кропкі 1 праз кропкі 2 і 3 да кропкі 4; далей уздоўж мяжы зоны рэгулявання забудовы першага рэжыму ўтрымання ад кропкі 4 праз кропкі 11, 10, 9 і 8 да кропкі 7; далей уздоўж мяжы ахоўнай зоны ад кропкі 7 да кропкі 15; далей уздоўж мяжы зоны рэгулявання забудовы другога рэжыму ўтрымання ад кропкі 15 да кропкі 17.
23. На тэрыторыі зоны аховы ландшафту забараняецца:
узвядзенне будынкаў і збудаванняў, акрамя пракладкі і мадэрнізацыі інжынерных сетак для патрэб гісторыка-культурнай каштоўнасці;
змена існуючага рэльефу і характару ландшафту;
высечка дрэў (акрамя аб’ектаў расліннага свету, якія знаходзяцца ў неналежным (аварыйным) стане на падставе адпаведнага заключэння, санітарных рубак).
ГЛАВА 6
ЗОНА АХОВЫ КУЛЬТУРНАГА ПЛАСТА (СЛОЯ)
24. Тэрыторыя зоны аховы культурнага пласта (слоя) супадае з тэрыторыяй гісторыка-культурнай каштоўнасці.
Плошча тэрыторыі зоны аховы культурнага пласта (слоя) складае 1,67 га.
25. Пры выкананні земляных работ на тэрыторыі зоны аховы культурнага пласта (слоя) гісторыка-культурнай каштоўнасці неабходна забяспечыць рэалізацыю мер па ахове археалагічных аб’ектаў у адпаведнасці з артыкуламі 129 і 130 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры.