Закладки

Официальная правовая информация
Информационно-поисковая система ”ЭТАЛОН-ONLINE“, 28.06.2025
Национальный центр законодательства и правовой информации Республики Беларусь

ПАСТАНОВА МІНІСТЭРСТВА КУЛЬТУРЫ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ

22 лютага 2021 г. № 12

Аб зацвярджэнні праекта зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Комплекс былой сядзібы Шырынаў: сядзібны дом, парк» па вул. Школьнай, 20 у аграгарадку Германавічы Шаркаўшчынскага раёна Віцебскай вобласці

На падставе пункта 3 артыкула 105 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры і абзаца пятага падпункта 5.27 пункта 5 Палажэння аб Міністэрстве культуры, зацверджанага пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 17 студзеня 2017 г. № 40, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ПАСТАНАЎЛЯЕ:

1. Зацвердзіць праект зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Комплекс былой сядзібы Шырынаў: сядзібны дом, парк» па вул. Школьнай, 20 у аграгарадку Германавічы Шаркаўшчынскага раёна Віцебскай вобласці (дадаецца).

2. Дадзеная пастанова ўступае ў сілу пасля яе афіцыйнага апублікавання.

 

Міністр

А.М.Маркевіч

 

 

ЗАЦВЕРДЖАНА

Пастанова
Міністэрства культуры
Рэспублікі Беларусь
22.02.2021 № 12

Праект зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Комплекс былой сядзібы Шырынаў: сядзібны дом, парк» па вул. Школьнай, 20 у аграгарадку Германавічы Шаркаўшчынскага раёна Віцебскай вобласці

ГЛАВА 1
АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННІ

1. Праект зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Комплекс былой сядзібы Шырынаў: сядзібны дом, парк» па вул. Школьнай, 20 у аграгарадку Германавічы Шаркаўшчынскага раёна Віцебскай вобласці (далей – праект зон аховы) распрацаваны на падставе пункта 3 артыкула 105 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры.

2. «Комплекс былой сядзібы Шырынаў: сядзібны дом, парк» па вул. Школьнай, 20 у аграгарадку Германавічы Шаркаўшчынскага раёна Віцебскай вобласці з’яўляецца нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасцю катэгорыі «2» (далей – гісторыка-культурная каштоўнасць), якая ўнесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь пад шыфрам 212Г000834 у адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 14 мая 2007 г. № 578 «Аб статусе гісторыка-культурных каштоўнасцей».

Месцазнаходжанне, назва і склад гісторыка-культурнай каштоўнасці ўдакладнены ў адпаведнасці з падпунктам 1.4 пункта 1 пастановы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ад 22 кастрычніка 2020 г. № 76 «Аб гісторыка-культурных каштоўнасцях».

3. Праект зон аховы распрацаваны індывідуальным прадпрымальнікам Гліннікам В.В. па заказе мясцовага фонда садзейнічання развіццю міжнароднага дыялога і супрацоўніцтва «Інтэракцыя».

4. Праект зон аховы распрацаваны з мэтай забеспячэння захавання гісторыка-культурнай каштоўнасці і яе навакольнага асяроддзя, вызначае зоны аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці і іх межы, рэжымы ўтрымання і выкарыстання зон аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці.

5. Праект зон аховы распрацаваны на падставе архіўна-бібліяграфічных і натурных даследаванняў, аналізу горадабудаўнічай сітуацыі і ландшафту.

6. Праектам зон аховы ўстаноўлены: тэрыторыя гісторыка-культурнай каштоўнасці, ахоўная зона, зона рэгулявання забудовы, зона аховы ландшафту і зона аховы культурнага пласта (слоя).

Межы праекта зон аховы дадзены ў геаграфічнай сістэме каардынат.

7. Схема зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Комплекс былой сядзібы Шырынаў: сядзібны дом, парк» па вул. Школьнай, 20 у аграгарадку Германавічы Шаркаўшчынскага раёна Віцебскай вобласці дадаецца.

ГЛАВА 2
ТЭРЫТОРЫЯ ГІСТОРЫКА-КУЛЬТУРНАЙ КАШТОЎНАСЦІ

8. Тэрыторыя гісторыка-культурнай каштоўнасці супадае з мяжой гістарычнай тэрыторыі былой сядзібы, за выключэннем тэрыторыі, дзе размешчана сучасная забудова школы.

Плошча тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці складае 5,6 га.

9. Мяжой тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці з’яўляюцца:

на поўначы – лінія, якая ідзе ад кропкі 1 (55°24'43.63''; 27°43'29.66'') на ўсход уздоўж правага берага р. Дзісна да кропкі 2 (55°24'44.86''; 27°43'47.08'');

на паўночным усходзе – лінія, якая ідзе ад кропкі 2 на правым беразе р. Дзісна на поўдзень па верхняй броўцы яра да кропкі 3 (55°24'43.79''; 27°43'48.03'') на мяжы зямельнага ўчастка для абслугоўвання будынкаў і збудаванняў установы адукацыі «Германавіцкая дзяржаўная агульнаадукацыйная сярэдняя школа» па вул. Школьнай, 18 (далей – школа);

на паўднёвым усходзе, поўдні – лінія, якая ідзе ад кропкі 3 па паўночна-заходняй мяжы зямельнага ўчастка будынка школы на захад да кропкі 4 (55°24'40.94''; 27°43'40.98''), далей – ад кропкі 4 на паўднёвы ўсход у створы з заходнім фасадам будынка кацельні да дарогі да кропкі 6 (55°24'37.54''; 27°43'44.05''), далей – ад кропкі 6 на паўднёвы захад па паўночна-заходняму краю праезнай часткі вул. Школьнай да кропкі 7 (55°24'35.05''; 27°43'37.83'');

на паўднёвым захадзе, захадзе – лінія, якая ідзе ад кропкі 7 па ўсходняй броўцы рова праз кропку 8 (55°24'39.38''; 27°43'33.90'') да кропкі 1.

10. Пры ажыццяўленні дзейнасці на тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці павінны выконвацца патрабаванні Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры.

ГЛАВА 3
АХОЎНАЯ ЗОНА

11. Ахоўная зона гісторыка-культурнай каштоўнасці ўстаноўлена з улікам забеспячэння фізічнага захавання гісторыка-культурнай каштоўнасці і стварэння спрыяльных умоў для яе ўспрымання.

Ахоўная зона гісторыка-культурнай каштоўнасці супадае з тэрыторыяй гісторыка-культурнай каштоўнасці.

Плошча тэрыторыі ахоўнай зоны гісторыка-культурнай каштоўнасці складае 5,6 га.

12. На тэрыторыі ахоўнай зоны гісторыка-культурнай каштоўнасці забараняецца:

правядзенне работ па рамонце і рэканструкцыі існуючай сядзібнай забудовы са змяненнем яе габарытаў у плане і павелічэннем вышыні, з ужываннем нетрадыцыйных матэрыялаў (сайдынг, металадахоўка, металапрофіль, блок-хаус і інш.) і колераў (яскравыя колеры, не характэрныя для рэгіянальнага будаўніцтва);

высечка гістарычных абсадак тэрыторыі, акрамя работ па добраўпарадкаванні паркавай тэрыторыі ў адпаведнасці з яе гістарычным характарам, а таксама санітарных высечак дрэў і кустоў;

узвядзенне капітальных будынкаў і збудаванняў на тэрыторыі, акрамя работ па:

будаўніцтве новых паркавых некапітальных збудаванняў і малых архітэктурных формаў, звязаных з функцыянаваннем аб’екта як турыстычнага комплекса, але падпарадкаваных яго гістарычнаму характару;

уладкаванні паркавай агароджы;

правядзенні гідралагічных работ па аднаўленні воднай сістэмы гістарычных сажалак.

ГЛАВА 4
ЗОНА РЭГУЛЯВАННЯ ЗАБУДОВЫ

13. Зона рэгулявання забудовы гісторыка-культурнай каштоўнасці вызначана зыходзячы з неабходнасці рэгламентавання маштабу новага будаўніцтва і рэканструкцыі існуючай забудовы на тэрыторыях, прылеглых да ахоўнай зоны, размешчанай у непасрэднай блізкасці ад гісторыка-культурнай каштоўнасці.

Плошча зоны рэгулявання забудовы гісторыка-культурнай каштоўнасці складае 5,14 га.

Зона рэгулявання забудовы гісторыка-культурнай каштоўнасці ўстаноўлена на тэрыторыі сядзібнай забудовы аграгарадка Германавічы і тэрыторыі будынка школы.

14. Зона рэгулявання забудовы гісторыка-культурнай каштоўнасці складаецца з двух участкаў з аднолькавымі рэжымамі ўтрымання і выкарыстання.

15. Першы ўчастак вызначаны на паўночным усходзе ад тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці, на тэрыторыі ўчастка будынка школы.

Плошча першага ўчастка складае 1,7 га.

16. Мяжой першага ўчастка з’яўляюцца:

на поўдні – лінія, якая ідзе ад кропкі 6 (55°24'37.54''; 27°43'44.05'') на паўднёвы ўсход па паўночна-заходнім краі праезнай часткі вул. Школьнай да кропкі 5 (55°24'40.40''; 27°43'50.85'');

на ўсходзе – лінія, якая ідзе ад кропкі 5 па паўночна-заходнім краі праезнай часткі вул. Школьнай на поўдзень па верхняй броўцы яра да мяжы ахоўнай зоны да кропкі 3 (55°24'43.79''; 27°43'48.03'');

на захадзе і поўначы – лінія, якая ідзе ад кропкі 3 па паўднёвай і ўсходняй мяжы ахоўнай зоны да кропкі 4 (55°24'40.94''; 27°43'40.98''), далей на поўдзень у створы заходняга фасада будынка кацельні да дарогі да кропкі 6 (55°24'37.54''; 27°43'44.05'').

17. Другі ўчастак вызначаны на паўднёвым захадзе ад тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці, дзе размешчана сядзібная забудова.

Плошча другога ўчастка складае 3,44 га.

18. Мяжой другога ўчастка з’яўляюцца:

на паўднёвым усходзе – лінія, якая ідзе ад кропкі 7 (55°24'35.05''; 27°43'37.83'') на паўднёвы захад па паўночна-заходнім краі праезнай часткі вул. Школьнай да кропкі 10 (55°24'31.44''; 27°43'29.09'');

на паўднёвым захадзе – лінія, якая ідзе ад кропкі 10 на паўночна-заходнім краі праезнай часткі вул. Школьнай па паўночна-ўсходняй мяжы зямельнага ўчастка сядзібы па вул. Школьнай, 36 і далей у створы з ёй да кропкі 9 (55°24'37.21''; 27°43'22.97'');

на паўночным захадзе, поўначы – лінія, якая ідзе ад кропкі 9 на паўночны ўсход праз кропку 13 (55°24'38.28''; 27°43'25.94'') па паўднёва-заходняй мяжы участка будынка школы да кропкі 12 (55°24'40.32''; 27°43'31.39''), далей на паўднёвы ўсход да кропкі 11 (55°24'39.06''; 27°43'32.71'') і далей на ўсход да кропкі 8 (55°24'39.38''; 27°43'33.90'');

на паўночным усходзе – лінія, якая ідзе ад кропкі 8 на паўднёвы ўсход па паўднёва-заходняй мяжы ахоўнай зоны да кропкі 7.

19. На тэрыторыі зоны рэгулявання забудовы гісторыка-культурнай каштоўнасці забараняецца:

узвядзенне будынкаў і збудаванняў вышынёй болей за адзін паверх з мансардай (вышэй за 8 м ад узроўню зямлі да вышэйшай адзнакі даху);

выкарыстанне пры правядзенні рамонтна-рэстаўрацыйных работ тыповых і серыйных праектаў будынкаў і пабудоў і канструкцый прамысловага панэльнага домабудавання (неабходна выкарыстоўваць традыцыйныя для рэгіёна архітэктурныя формы і будаўнічыя матэрыялы);

узвядзенне будынкаў і збудаванняў без ужывання гістарычных прапорцый будынкаў (памеры ў плане 7–8 м х 10–12 м);

выкарыстанне не характэрных формаў дахаў (акрамя двусхільных, вальмавых і паўвальмавых з нахілам ад 35° да 50° формаў) і колераў (яскравыя колеры, не характэрныя для рэгіянальнага будаўніцтва);

рамонт і рэканструкцыя існуючых будынкаў і збудаванняў з выкарыстаннем нетрадыцыйных будаўнічых матэрыялаў і архітэктурных прыёмаў (вышыня пабудоў не павінна быць вышэй за 8 м ад узроўню глебы да вышэйшай адзнакі даху);

размяшчэнне прамысловых прадпрыемстваў, транспартна-складскіх аб’ектаў і іншых збудаванняў, якія павялічваюць грузавыя патокі, забруджваюць паветраны і водны басейны, з’яўляюцца выбухова- і пажаранебяспечнымі;

усталяванне з боку вуліц агароджы светапразрыстасцю меней за 50 %, вышынёй больш за 1,5 м і без выкарыстання традыцыйных форм, матэрыялаў і колераў.

ГЛАВА 5
ЗОНА АХОВЫ ЛАНДШАФТУ

20. Зона аховы ландшафту гісторыка-культурнай каштоўнасці ўстаноўлена з мэтай захавання прыроднага асяроддзя, візуальна звязанага з гісторыка-культурнай каштоўнасцю.

21. Зона аховы ландшафту гісторыка-культурнай каштоўнасці вызначана на паўночым захадзе ад тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці.

Плошча зоны аховы ландшафту гісторыка-культурнай каштоўнасці складае 1,13 га.

22. Мяжой зоны аховы ландшафту гісторыка-культурнай каштоўнасці з’яўляюцца:

на паўночным усходзе – лінія, якая ідзе ад кропкі 8 (55°24'39.38''; 27°43'33.90'') па паўднёва-заходняй мяжы тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці да кропкі 1 (55°24'43.63''; 27°43'29.66'') на правым беразе р. Дзісна;

на паўночным захадзе – лінія, якая ідзе ад кропкі 1 на паўднёвы захад па правым беразе р. Дзісна да кропкі 14 (55°24'40.78''; 27°43'22.96'');

на паўднёвым захадзе – лінія, якая ідзе ад кропкі 14 на паўднёвы ўсход да кропкі 13 (55°24'38.28''; 27°43'25.94'');

на поўдні, паўднёвым усходзе – лінія, якая ідзе ад кропкі 13 па паўночна-заходняй мяжы другога ўчастка зоны рэгулявання забудовы праз кропкі 12 (55°24'40.32''; 27°43'31.39'') і 11 (55°24'39.06''; 27°43'32.71'') да кропкі 8.

23. На тэрыторыі зоны аховы ландшафту гісторыка-культурнай каштоўнасці забараняецца:

узвядзенне будынкаў і збудаванняў, акрамя пракладкі падземных інжынерных камунікацый;

пракладка аўтамабільных дарог;

змяненне характару ландшафту, акрамя выканання работ па добраўпарадкаванні тэрыторыі і санітарнай рубкі зялёных насаджэнняў.

ГЛАВА 6
ЗОНА АХОВЫ КУЛЬТУРНАГА ПЛАСТА (СЛОЯ)

24. Зона аховы культурнага пласта (слоя) гісторыка-культурнай каштоўнасці супадае з тэрыторыяй гісторыка-культурнай каштоўнасці.

25. Пры выкананні земляных работ на тэрыторыі зоны аховы культурнага пласта (слоя) неабходна забяспечыць правядзенне археалагічнага нагляду і рэалізацыю мер па ахове археалагічных аб’ектаў у адпаведнасці з артыкуламі 129 і 130 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры.

 


 

 

Дадатак

да праекта зон аховы нерухомай матэрыяльнай
гісторыка-культурнай каштоўнасці
«Комплекс былой сядзібы Шырынаў:
сядзібны дом, парк» па вул. Школьнай, 20
у аграгарадку Германавічы
Шаркаўшчынскага раёна Віцебскай вобласці

Схема зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Комплекс былой сядзібы Шырынаў: сядзібны дом, парк» па вул. Школьнай, 20 у аграгарадку Германавічы Шаркаўшчынскага раёна Віцебскай вобласці

 

Здравствуйте, данный браузер не поддерживается нашей системой, для продолжения работы воспользуйтесь другим браузером.