![]() | Официальная правовая информация |
ПАСТАНОВА МІНІСТЭРСТВА КУЛЬТУРЫ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
20 сакавіка 2014 г. № 13
Аб зацвярджэнні праекта зон аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці – «Косаўскі палацава-паркавы ансамбль ва ўрочышчы Мерачоўшчына, г. Косава Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці»
На падставе часткі першай пункта 2 артыкула 29 Закона Рэспублікі Беларусь ад 9 студзеня 2006 года «Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь» Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ПАСТАНАЎЛЯЕ:
Зацвердзіць прыкладзены праект зон аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці – «Косаўскі палацава-паркавы ансамбль ва ўрочышчы Мерачоўшчына, г. Косава Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці».
Міністр |
Б.У.Святлоў |
|
Пастанова |
Праект зон аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці – «Косаўскі палацава-паркавы ансамбль ва ўрочышчы Мерачоўшчына, г. Косава Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці»
ГЛАВА 1
АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННІ
1. Праект зон аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці – «Косаўскі палацава-паркавы ансамбль ва ўрочышчы Мерачоўшчына, г. Косава Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці» (далей – праект зон аховы) распрацаваны на падставе часткі першай пункта 2 артыкула 29 Закона Рэспублікі Беларусь ад 9 студзеня 2006 года «Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь» (Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь, 2006 г., № 9, 2/1195).
2. Косаўскі палацава-паркавы ансамбль: рэшткі былога палаца Пуслоўскіх (XIX ст.) (далей – палац), мемарыяльны музей-сядзіба Т.Касцюшкі (XVIII ст.), фрагменты парку ва ўрочышчы Мерачоўшчына, г. Косава Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці – з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю катэгорыі «1», якая ўнесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь пад шыфрам 111Г000305 у адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 14 мая 2007 г. № 578 «Аб статусе гісторыка-культурных каштоўнасцей» (Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь, 2007 г., № 119, 5/25167).
3. Праект зон аховы распрацаваны філіялам «Брэстрэстаўрацыяпраект» адкрытага акцыянернага таварыства «Белрэстаўрацыя» па заказе Івацэвіцкага раённага выканаўчага камітэта.
4. Праект зон аховы распрацаваны з мэтай забеспячэння аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці і яе навакольнага асяроддзя, заключаецца ў вызначэнні межаў зон аховы і ўсталяванні рэжымаў іх утрымання і выкарыстання.
5. Праект зон аховы распрацаваны на падставе гісторыка-архіўных, бібліяграфічных і натурных даследаванняў, аналізу гістарычнай і існуючай горадабудаўнічай сітуацыі і ландшафту.
6. Праектам зон аховы ўстаноўлены наступныя зоны аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці: ахоўная зона, зона рэгулявання забудовы, зона аховы ландшафту.
Схема зон аховы дадаецца.
ГЛАВА 2
АХОЎНАЯ ЗОНА
7. Ахоўная зона ўстаноўлена зыходзячы з неабходнасці фізічнага і эстэтычнага захавання гісторыка-культурнай каштоўнасці і стварэння спрыяльных умоў для іх успрымання. Ахоўная зона ўключае тэрыторыю парку, тэрасіраванага партэра палаца і тэрыторыю былой сядзібы Т.Касцюшкі.
Плошча ахоўнай зоны складае 17,6 га.
8. Межамі ахоўнай зоны з’яўляюцца:
на паўночным захадзе – лінія, якая ідзе паралельна паўночна-заходняй сцяне палаца на адлегласці 30 м ад яе, ад дарогі Косава–Мілейкі да берага сажалкі;
на поўначы – лінія, якая ідзе ўздоўж берага сажалак, на адлегласці 10 м ад яго;
на паўднёвым усходзе – лінія, якая ідзе паралельна паўднёва-ўсходняй сцяне палаца на адлегласці 50 м ад яе, ад дарогі Косава–Мілейкі, далей лінія па паўночна-заходнім баку дарогі на Хадоркі;
на паўднёвым усходзе – лінія, якая ідзе паралельна паўднёва-заходняму фасаду палаца на адлегласці 480 м ад дарогі Косава–Мілейкі.
9. На тэрыторыі ахоўнай зоны забараняецца:
новае будаўніцтва, акрамя аднаўлення страчаных гістарычных будынкаў і збудаванняў;
высечка старых дрэў, узрост якіх 80 гадоў і болей;
правядзенне земляных работ без кваліфікаванага нагляду археолагаў або археалагічных даследаванняў у адпаведнасці з Палажэннем аб ахове археалагічных аб’ектаў пры правядзенні земляных і будаўнічых работ, ажыццяўленні іншай дзейнасці на тэрыторыі археалагічных аб’ектаў, зацверджаным пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 22 мая 2002 г. № 651 (Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь, 2002 г., № 59, 5/10482; Национальный правовой Интернет-портал Республики Беларусь, 27.07.2012, 5/36005).
10. На тэрыторыі ахоўнай зоны дазваляюцца:
рэстаўрацыйна-аднаўленчыя работы з прыстасаваннем да сучасных патрэбаў існуючых састаўных элементаў гiсторыка-культурнай каштоўнасцi;
навукова абгрунтаванае аднаўленне страчаных будынкаў і збудаванняў, якія ўваходзілі ў склад палацава-паркавага ансамбля;
пракладка інжынерных камунікацый;
добраўпарадкаванне тэрыторыі ў адпаведнасці з яе гістарычным характарам;
ажыццяўленне гаспадарчай дзейнасці, якая не чыніць шкоды гістарычнаму характару тэрыторыі.
11. На тэрыторыі ахоўнай зоны рэкамендуецца вывесці лінію электраперадачы з тэрыторыі ахоўнай зоны.
ГЛАВА 3
ЗОНА РЭГУЛЯВАННЯ ЗАБУДОВЫ
12. Зона рэгулявання забудовы ўстаноўлена зыходзячы з неабходнасці рэгламентавання маштабу новага будаўніцтва на тэрыторыі, прылеглай да гісторыка-культурнай каштоўнасці.
Зона рэгулявання забудовы складаецца з трох участкаў.
Агульная плошча зоны рэгулявання забудовы складае 13,9 га.
13. Першы ўчастак зоны рэгулявання забудовы знаходзіцца з паўднёва-ўсходняга боку ад ахоўнай зоны і ўяўляе сабой паласу шырынёй 100 м, якая ідзе ўздоўж заходняга боку дарогі Косава–Мілейкі, ад ахоўнай зоны да павароту на дарогу Косава–Ружаны.
14. Межамі другога ўчастка зоны рэгулявання забудовы з’яўляюцца:
на паўночным усходзе і паўднёвым усходзе – лінія, якая ідзе па мяжы ахоўнай зоны;
на паўднёвым захадзе – лінія, якая ідзе паралельна дарозе Косава–Мілейкі на адлегласці 100 м ад яе;
на паўночным захадзе – лінія, якая ідзе паралельна паўночна-заходняй мяжы ахоўнай зоны ў створы з паўночна-заходнім берагам сажалкі.
15. Межамі трэцяга ўчастка зоны рэгулявання забудовы з’яўляюцца:
на паўночным усходзе – лінія, якая ідзе ў створы з паўднёва-заходняй мяжой ахоўнай зоны ад паўночнага вугла мяжы ахоўнай зоны да дарогі Косава–Ружаны;
на поўдні – лінія, якая ідзе па паўночным баку дарогі Косава–Ружаны;
на паўночным захадзе – лінія, якая ідзе ў створы з паўднёва-ўсходняй мяжой ахоўнай зоны ад дарогі Косава–Ружаны да паўночнага вугла мяжы ахоўнай зоны.
16. На тэрыторыі зоны рэгулявання забудовы забараняецца:
размяшчэнне прамысловых прадпрыемстваў, гандлёва-складскіх і іншых збудаванняў, якія павялічваюць грузавыя патокі, забруджваюць паветраны і водны басейны, з’яўляюцца выбухова- і пажаранебяспечнымі;
будаўніцтва транспартных магістралей і развязак, эстакад, мастоў і іншых інжынерных збудаванняў, якія парушаюць гістарычны выгляд гісторыка-культурнай каштоўнасці і традыцыйнае прыроднае асяроддзе;
высечка старых дрэў, узрост якіх 80 гадоў і болей;
правядзенне земляных работ без нагляду археолагаў або археалагічных даследаванняў у адпаведнасці з Палажэннем аб ахове археалагічных аб’ектаў пры правядзенні земляных і будаўнічых работ, ажыццяўленні іншай дзейнасці на тэрыторыі археалагічных аб’ектаў, зацверджаным пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 22 мая 2002 г. № 651.
17. На тэрыторыі зоны рэгулявання забудовы дазваляецца:
будаўніцтва неабходных аб’ектаў інфраструктуры вышынёй не больш за адзін паверх з мансардай;
аднаўленне страчаных гістарычных сажалак;
добраўпарадкаванне і азеляненне тэрыторыі згодна з праектам аднаўлення палацава-паркавага ансамбля;
пракладка неабходных інжынерных камунікацый.
ГЛАВА 4
ЗОНА АХОВЫ ЛАНДШАФТУ
18. Зона аховы ландшафту ўстаноўлена зыходзячы з неабходнасці забеспячэння ўмоў найлепшага ўспрымання гісторыка-культурнай каштоўнасці і захавання яе прыроднага асяроддзя.
На тэрыторыі зоны аховы ландшафту знаходзіцца воінскае пахаванне № 4724.
Плошча зоны ахова ландшафту складае 142,9 га.
19. Межамі зоны аховы ландшафту з’яўляюцца:
на паўночным захадзе – лінія, якая ідзе ў створы з паўднёва-ўсходняй мяжой хутара Скураты, ад дарогі Косава–Ружаны, далей па краі ўзлеску да правага берага канала Рудзянка;
на поўначы і паўночным усходзе – лінія, якая ідзе па правым беразе канала Рудзянка да вадаскіднага канала на паўднёва-ўсходнім беразе вадасховішча;
на поўдні і паўднёвым усходзе – лінія, якая ідзе ў створы з вадаскідным каналам да перакрыжавання з дарогай Косава–Мілейкі, далей па паўночным краі дарогі Косава–Ружаны да перакрыжавання з лініяй у створы паўднёва-ўсходняй мяжы хутара Скураты.
20. У зоне аховы ландшафту забараняецца:
будаўніцтва капітальных будынкаў;
змяненне гістарычнага рэльефу;
будаўніцтва транспартных магістралей і развязак, эстакад, мастоў і іншых інжынерных збудаванняў, якія парушаюць гістарычны выгляд гісторыка-культурнай каштоўнасці і традыцыйнае прыроднае асяроддзе;
размяшчэнне прамысловых прадпрыемстваў, гандлёва-складскіх і іншых збудаванняў, якія павялічваюць грузавыя патокі, забруджваюць паветраны і водны басейны, з’яўляюцца выбухова- і пажаранебяспечнымі;
высечка старых дрэў, узрост якіх 80 гадоў і болей.
21. У зоне аховы ландшафту дазваляецца:
добраўпарадкаванне і азеляненне тэрыторыі згодна з дэндралагічным праектам аднаўлення палацава-паркавага ансамбля;
навукова абгрунтаваная ліквідацыя альбо нейтралізацыя дысгарманічных элементаў ландшафту;
аднаўленне воднай сістэмы, сажалак, якія існавалі раней;
аднаўленне гістарычных пешаходных і транспартных сувязей;
гаспадарчая дзейнасць, якая не парушае і не скажае традыцыйны характар ландшафту;
пракладка неабходных інжынерных камунікацый;
традыцыйнае землекарыстанне: сенакос, выпас жывёлы, палявыя работы, санітарная высечка зялёных насаджэнняў.
22. Рэкамендуецца вывад лініі электраперадачы з тэрыторыі зоны аховы ландшафту.
23. Ахова і ўтрыманне месца воінскага пахавання № 4724 павінна ажыццяўляцца з улікам патрабаванняў Закона Рэспублікі Беларусь ад 12 лістапада 2001 года «О погребении и похоронном деле» (Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь, 2001 г., № 107, 2/804), загада Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь ад 9 красавіка 1997 г. № 182 «Об утверждении и введении в действие Инструкции о порядке проведения раскопок мест боев, неучтенных воинских захоронений и мест гибели защитников Отечества и жертв войн в процессе поисковой работы с целью эксгумации останков погибших (умерших) с последующим их захоронением (перезахоронением) и увековечением».