![]() | Официальная правовая информация |
ПАСТАНОВА МІНІСТЭРСТВА КУЛЬТУРЫ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
3 снежня 2013 г. № 86
Аб зацвярджэнні праекта зон аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці – «Комплекс будынкаў інфекцыйнай бальніцы (8 карпусоў) па вул. Крапоткіна, 76 у г. Мінску (пачатак ХХ ст.)»
На падставе часткі першай пункта 2 артыкула 29 Закона Рэспублікі Беларусь ад 9 студзеня 2006 года «Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь» Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ПАСТАНАЎЛЯЕ:
Зацвердзіць прыкладзены праект зон аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці – «Комплекс будынкаў інфекцыйнай бальніцы (8 карпусоў) па вул. Крапоткіна, 76 у г. Мінску (пачатак ХХ ст.)».
Міністр |
Б.У.Святлоў |
|
Пастанова Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь 03.12.2013 № 86 |
Праект зон аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці – «Комплекс будынкаў інфекцыйнай бальніцы (8 карпусоў) па вул. Крапоткіна, 76 у г. Мінску (пачатак ХХ ст.)»
ГЛАВА 1
АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННI
1. Праект зон аховы гiсторыка-культурнай каштоўнасцi – «Комплекс будынкаў інфекцыйнай бальніцы (8 карпусоў) па вул. Крапоткіна, 76 у г. Мінску (пачатак ХХ ст.)» (далей – праект зон аховы) распрацаваны на падставе часткi першай пункта 2 артыкула 29 Закона Рэспублiкi Беларусь ад 9 студзеня 2006 года «Аб ахове гiсторыка-культурнай спадчыны Рэспублiкi Беларусь» (Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь, 2006 г., № 9, 2/1195).
2. Комплекс будынкаў інфекцыйнай бальніцы (8 карпусоў) па вул. Крапоткіна, 76 у г. Мінску (пачатак ХХ ст. ) з’яўляецца нерухомай матэрыяльнай гiсторыка-культурнай каштоўнасцю катэгорыi «3», якая ўнесена ў Дзяржаўны спiс гiсторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублiкi Беларусь пад шыфрам 713Г000089 у адпаведнасцi з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 14 мая 2007 г. № 578 «Аб статусе гiсторыка-культурных каштоўнасцей» (Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь, 2007 г., № 119, 5/25167).
3. Праект зон аховы распрацаваны індывідуальным прадпрымальнікам Гліннікам Вадзімам Васільевічам па заказе ўнітарнага прадпрыемства «Мінскграда».
4. Праект зон аховы распрацаваны з мэтай забеспячэння аховы гiсторыка-культурнай каштоўнасцi i яе навакольнага асяроддзя, заключаецца ў вызначэннi межаў зон аховы i ўсталяванні рэжымаў іх утрымання і выкарыстання.
5. Праект зон аховы распрацаваны на падставе гісторыка-архіўных, бібліяграфічных і натурных даследаванняў, аналізу наяўнай горадабудаўнічнай сітуацыі і ландшафту.
6. Праектам зон аховы ўстаноўлены наступныя зоны аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці: ахоўная зона, зона рэгулявання забудовы.
Схема зон аховы дадаецца.
ГЛАВА 2
АХОЎНАЯ ЗОНА
7. Ахоўная зона ўстаноўлена зыходзячы з неабходнасці фізічнага захавання гісторыка-культурнай каштоўнасці, забеспячэння яе мэтазгоднага выкарыстання і стварэння спрыяльных умоў для візуальнага ўспрымання гісторыка-культурнай каштоўнасці.
Плошча ахоўнай зоны складае 2,18 га.
8. Межамі ахоўнай зоны з’яўляюцца:
на поўначы – лінія, якая ідзе ад агароджы тэрыторыі ўстановы аховы здароўя «Гарадская клінічная інфекцыйная бальніца» (далей – бальніца) па паўночным краі сквера, па бартавым камені праезду, далей – па ўмоўнай лініі, якая праходзіць паралельна паўночнаму фасаду корпуса № 5 бальніцы на адлегласці 6 м ад яго;
на ўсходзе – умоўная лінія, якая ідзе па бартавым камені праезду да скрыжавання з умоўнай лініяй, якая праходзіць у створы з паўднёвым фасадам тэхнічнага збудавання, далей – на поўдзень па бартавым камені праезду, па ўмоўнай лініі, якая праходзіць паралельна паўночным фасадам корпуса № 12 і корпуса № 6 бальніцы на адлегласці 6 м ад іх;
на поўдні і захадзе – лінія, якая ідзе па агароджы тэрыторыі бальніцы.
9. На тэрыторыі ахоўнай зоны забараняецца будаўніцтва будынкаў і збудаванняў.
10. На тэрыторыі ахоўнай зоны дазваляецца:
правядзенне рэстаўрацыйна-аднаўленчых работ на гісторыка-культурных каштоўнасцях;
рэканструкцыя (без павялічвання павярховасці) і рамонт існуючай нейтральнай і гістарычнай забудовы;
рэканструкцыя існуючай стацыянарнай агароджы тэрыторыі бальніцы з захаваннем гістарычнага характару;
дэмантаж дысгарманічнай забудовы;
правядзенне работ па добраўпарадкаванні тэрыторыі ў адпаведнасці з яе гістарычным характарам;
пракладка неабходных інжынерных камунікацый.
ГЛАВА 3
ЗОНА РЭГУЛЯВАННЯ ЗАБУДОВЫ
11. Зона рэгулявання забудовы ўстаноўлена з мэтай рэгламентавання маштабу новага будаўніцтва і рэканструкцыі існуючай забудовы на тэрыторыях, прылеглых да гісторыка-культурнай каштоўнасці. Межы зоны рэгулявання забудовы ўстаноўлены ў межах сучаснай тэрыторыі бальніцы.
Плошча зоны рэгулявання забудовы складае 1,8 га.
12. Межамі зоны рэгулявання забудовы з’яўляюцца:
на поўначы, усходзе і поўдні – лінія, якая ідзе па агароджы тэрыторыі бальніцы;
на захадзе – лінія, якая ідзе па ўсходняй мяжы ахоўнай зоны, далей – па агароджы тэрыторыі бальніцы з боку вул. Крапоткіна.
13. На тэрыторыі зоны рэгулявання забудовы забараняецца:
будаўніцтва будынкаў і збудаванняў вышэй за пяць паверхаў;
размяшчэнне прамысловых прадпрыемстваў, камунальных і складскіх аб’ектаў, іншых збудаванняў, небяспечных у пажарным і выбуховым плане, якія забруджваюць паветраны і водны басейны, выклікаюць значныя транспартныя і грузавыя патокі.
14. На тэрыторыі зоны рэгулявання забудовы дазваляецца:
рамонт, рэканструкцыя існуючых збудаванняў без павялічвання павярховасці;
рэканструкцыя існуючай стацыянарнай агароджы тэрыторыі бальніцы;
новае будаўніцтва вышынёй да пяці паверхаў;
пракладка неабходных інжынерных камунікацый;
правядзенне работ па добраўпарадкаванні тэрыторыі.
|
Дадатак да праекта зон аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці – «Комплекс будынкаў інфекцыйнай бальніцы (8 карпусоў) па вул. Крапоткіна, 76 у г. Мінску» |
Схема межаў і рэжымаў утрымання зон аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці –
«Комплекс будынкаў інфекцыйнай бальніцы (8 карпусоў) па вул. Крапоткіна, 76 у г. Мінску»