![]() | Официальная правовая информация |
ПАСТАНОВА МІНІСТЭРСТВА КУЛЬТУРЫ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
25 сакавіка 2024 г. № 28
Аб зацвярджэнні праекта зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Сядзібны дом» у в. Ястрамбель Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобласці
На падставе пункта 3 артыкула 105 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры і абзаца пятага падпункта 5.27 пункта 5 Палажэння аб Міністэрстве культуры, зацверджанага пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 17 студзеня 2017 г. № 40, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ПАСТАНАЎЛЯЕ:
1. Зацвердзіць праект зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Сядзібны дом» у в. Ястрамбель Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобласці (дадаецца).
2. Дадзеная пастанова ўступае ў сілу пасля яе афіцыйнага апублікавання.
Міністр |
А.М.Маркевіч |
|
Пастанова 25.03.2024 № 28 |
Праект зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Сядзібны дом» у в. Ястрамбель Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобласці
ГЛАВА 1
АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННІ
1. Праект зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Сядзібны дом» у в. Ястрамбель Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобласці (далей – праект зон аховы) распрацаваны на падставе пункта 3 артыкула 105 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры.
2. «Сядзібны дом» у в. Ястрамбель Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобласці з’яўляецца нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасцю катэгорыі «2» (далей – гісторыка-культурная каштоўнасць), якая ўключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь пад шыфрам 112Г000733.
3. Праект зон аховы распрацаваны філіялам «Брэстрэстаўрацыяпраект» адкрытага акцыянернага таварыства «Белрэстаўрацыя» па заказе Сенько Андрэя Барысавіча.
4. Праект зон аховы распрацаваны з мэтай забеспячэння захавання гісторыка-культурнай каштоўнасці і яе навакольнага асяроддзя, вызначае тэрыторыю гісторыка-культурнай каштоўнасці і зоны аховы, іх межы, рэжымы ўтрымання і выкарыстання зон аховы.
5. Праект зон аховы распрацаваны на падставе архіўна-бібліяграфічных і натурных даследаванняў, аналізу горадабудаўнічай сітуацыі і ландшафту.
6. Праектам зон аховы ўстаноўлены: тэрыторыя гісторыка-культурнай каштоўнасці і ахоўная зона гісторыка-культурнай каштоўнасці (далей – ахоўная зона), зона рэгулявання забудовы гісторыка-культурнай каштоўнасці (далей – зона рэгулявання забудовы) і зона аховы ландшафту гісторыка-культурнай каштоўнасці (далей – зона аховы ландшафту).
Межы зон аховы дадзены ў геаграфічнай сістэме каардынат.
Схема зон аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці дадаецца.
ГЛАВА 2
ТЭРЫТОРЫЯ ГІСТОРЫКА-КУЛЬТУРНАЙ КАШТОЎНАСЦІ. АХОЎНАЯ ЗОНА
7. Тэрыторыя гісторыка-культурнай каштоўнасці вызначана ў межах зямельнага ўчастка, прызначанага для абслугоўвання будынка спальнага корпуса (панскі) № 1 (гісторыка-культурнай каштоўнасці «Сядзібны дом Ястрамбель»).
8. Ахоўная зона вызначана зыходзячы з патрабаванняў фізічнага і эстэтычнага захавання і замацавання гісторыка-культурнай каштоўнасці на тэрыторыі былой сядзібы Ястрамбель.
Ахоўная зона супадае з тэрыторыяй гісторыка-культурнай каштоўнасці.
9. Мяжой ахоўнай зоны з’яўляюцца:
на паўночным захадзе – умоўная прамая лінія, якая ідзе ўздоўж агароджы ад кропкі 1 да кропкі 2;
на паўночным усходзе – умоўная прамая лінія, якая ідзе ад кропкі 2 уздоўж агароджы на паўднёвы ўсход да кропкі 3;
на паўднёвым усходзе – умоўная прамая лінія, якая ідзе ад кропкі 3 уздоўж агароджы на паўднёвы захад да кропкі 4;
на паўднёвым захадзе – умоўная прамая лінія, якая ідзе ўздоўж гістарычнай агароджы гісторыка-культурнай каштоўнасці ад кропкі 4 на паўночны захад да кропкі 1.
10. На тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці і ахоўнай зоны забараняецца:
узвядзенне будынкаў і збудаванняў, акрамя пракладкі падземных інжынерных камунікацый;
дзейнасць, якая пагаршае ўмовы ўспрымання гісторыка-культурнай каштоўнасці;
знішчэнне і прычыненне шкоды гісторыка-культурнай каштоўнасці і яе элементаў;
правядзенне работ па добраўпарадкаванні тэрыторыі без праектнай дакументацыі, распрацаванай і ўзгодненай ва ўстаноўленым парадку;
правядзенне земляных работ без прыняцця мер па ахове археалагічных аб’ектаў і артэфактаў у парадку, вызначаным артыкуламі 129 і 130 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры;
усталяванне сродкаў вонкавай рэкламы, якія ствараюць перашкоды для візуальнага ўспрымання аб’ёмна-прасторавых рашэнняў, элементаў і дэталей архітэктурнага дэкору гісторыка-культурнай каштоўнасці, а таксама навакольнага асяроддзя;
ажыццяўленне дзейнасці без выканання патрабаванняў Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры.
ГЛАВА 3
ЗОНА РЭГУЛЯВАННЯ ЗАБУДОВЫ
11. Зона рэгулявання забудовы вызначана зыходзячы з умоў неабходнасці замацавання значэння гісторыка-культурнай каштоўнасці ў антрапагенным і прыродным асяроддзі, стварэння неабходных умоў успрымання гісторыка-культурнай каштоўнасці і рэгламентавання маштабу новага будаўніцтва і рэканструкцыі існуючай забудовы на тэрыторыі былога парка.
12. Мяжой зоны рэгулявання забудовы з’яўляюцца:
на захадзе – умоўная ламаная лінія, якая ідзе па заходняй мяжы агароджы прыватнай забудовы і былога спіртзавода ад кропкі 5 праз кропкі 6-7-8-9-10 да кропкі 11;
на поўначы – умоўная ламаная лінія, якая ідзе па паўночнаму баку існуючай агароджы прыватных уладанняў ад кропкі 11 праз кропкі 12-13-14-15-16 да кропкі 17;
на ўсходзе – умоўная ламаная лінія, якая ідзе па ўсходняму баку існуючай агароджы прыватных участкаў ад кропкі 17 на поўдзень праз кропкі 18-19-20-21 да кропкі 22;
на поўдні – умоўная прамая лінія, якая ідзе па паўднёвай мяжы былога спіртзавода ад кропкі 22 на паўднёвы захад праз кропкі 23-24-25-26 да кропкі 5.
13. На тэрыторыі зоны рэгулявання забудовы забараняецца:
усталяванне сродкаў вонкавай рэкламы, якія ствараюць перашкоды для візуальнага ўспрымання аб’ёмна-прасторавых рашэнняў, элементаў і дэталей архітэктурнага дэкору гэтай гісторыка-культурнай каштоўнасці, а таксама навакольнага асяроддзя;
узвядзенне будынкаў і збудаванняў і (або) надбудова існуючых будынкаў і збудаванняў вышэй за 7 м ад узроўню зямлі да ўзроўню канька даху і без выкарыстання характэрных гістарычных прыёмаў і матэрыялаў;
размяшчэнне прамысловых прадпрыемстваў і транспартна-складскіх збудаванняў, якія ствараюць вялікія грузавыя патокі, забруджваюць паветраны і водны басейны, з’яўляюцца выбухова- і пажаранебяспечнымі;
замена традыцыйных для рэгіёна драўляных платоў на бетонныя і металічныя непразрыстыя і паўпразрыстыя агароджы;
знос або змяненне аб’ёмна-прасторавых рашэнняў шэраговай гістарычнай забудовы (палац, бровар, спіртапрыёмнік, складскія пабудовы).
ГЛАВА 4
ЗОНА АХОВЫ ЛАНДШАФТУ
14. Зона аховы ландшафту ўстаноўлена на тэрыторыі былога сядзібнага парка.
15. Мяжой зоны аховы ландшафту з’яўляюцца:
на поўначы – умоўная прамая лінія, якая ідзе ў створы жывой агароджы былога сядзібнага парка (старыя яліны) ад кропкі 27 праз кропку 28 да кропкі 29;
на захадзе – умоўная хвалістая лінія, якая ідзе па заходнім беразе р. Мышанка ад кропкі 29 на поўдзень да кропкі 30;
на поўдні – умоўная прамая лінія, якая ідзе ў створы заходняга боку тратуара па вул. Кадэцкай ад кропкі 30 на паўднёвы захад праз кропкі 22-23 да кропкі 31;
на захадзе – умоўная ламаная лінія, якая ідзе па ўсходняму баку тратуара па зав. Кадэцкаму і агароджы тэрыторыі школы-інтэрната ад кропкі 31 на поўнач праз кропкі 32-33-34-35-36-37-38-39-40-41-42-43-44-45 да кропкі 27.
16. На тэрыторыі зоны аховы ландшафту забараняецца:
будаўніцтва будынкаў і збудаванняў, акрамя пракладкі падземных інжынерных сетак пры ўмове аднаўлення добраўпарадкавання;
пракладка транспартных камунікацый;
усталяванне сродкаў вонкавай рэкламы, якія ствараюць перашкоды для візуальнага ўспрымання аб’ёмна-прасторавых рашэнняў, элементаў і дэталей архітэктурнага дэкору гісторыка-культурнай каштоўнасці, а таксама навакольнага асяроддзя;
змена характару ландшафту.
|
да праекта зон аховы нерухомай |
Схема зон аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці