![]() | Официальная правовая информация |
ПАСТАНОВА МІНІСТЭРСТВА КУЛЬТУРЫ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
30 кастрычніка 2023 г. № 148
Аб зацвярджэнні праекта зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Брацкая магіла» на вул. Пераможцаў у в. Шапуры Віцебскага раёна Віцебскай вобласці
На падставе пункта 3 артыкула 105 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры і абзаца пятага падпункта 5.27 пункта 5 Палажэння аб Міністэрстве культуры, зацверджанага пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 17 студзеня 2017 г. № 40, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ПАСТАНАЎЛЯЕ:
1. Зацвердзіць праект зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Брацкая магіла» на вул. Пераможцаў у в. Шапуры Віцебскага раёна Віцебскай вобласці (дадаецца).
2. Дадзеная пастанова ўступае ў сілу пасля яе афіцыйнага апублікавання.
Міністр |
А.М.Маркевіч |
|
Пастанова |
Праект зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Брацкая магіла» на вул. Пераможцаў у в. Шапуры Віцебскага раёна Віцебскай вобласці
ГЛАВА 1
АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННІ
1. Праект зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Брацкая магіла» на вул. Пераможцаў у в. Шапуры Віцебскага раёна Віцебскай вобласці (далей – праект зон аховы) распрацаваны на падставе пункта 3 артыкула 105 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры.
2. «Брацкая магіла» на вул. Пераможцаў у в. Шапуры Віцебскага раёна Віцебскай вобласці з’яўляецца нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасцю катэгорыі «3» (далей – гісторыка-культурная каштоўнасць), якая ўключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь пад шыфрам 213Д000261.
3. Праект зон аховы распрацаваны ўстановай культуры «Віцебскі абласны музей Героя Савецкага Саюза М.П.Шмырева» па заказе ўстановы «Віцебскі раённы цэнтр па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый».
4. Праект зон аховы распрацаваны з мэтай забеспячэння захавання гісторыка-культурнай каштоўнасці і яе навакольнага асяроддзя, заключаецца ў вызначэнні мяжы тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці, ахоўнай зоны гісторыка-культурнай каштоўнасці (далей – ахоўная зона), зоны рэгулявання забудовы гісторыка-культурнай каштоўнасці (далей – зона рэгулявання забудовы), зоны аховы ландшафту гісторыка-культурнай каштоўнасці (далей – зона аховы ландшафту) і іх межаў, рэжымаў іх ўтрымання і выкарыстання.
5. Праект зон аховы распрацаваны на падставе архіўна-бібліяграфічных даследаванняў, аналізу горадабудаўнічай сітуацыі і ландшафту.
Схема зон аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці дадаецца.
ГЛАВА 2
ТЭРЫТОРЫЯ ГІСТОРЫКА-КУЛЬТУРНАЙ КАШТОЎНАСЦІ. АХОЎНАЯ ЗОНА
6. Тэрыторыя гісторыка-культурнай каштоўнасці вызначана ў межах пахавання, на тэрыторыі якой размешчаны асноўныя архітэктурныя элементы брацкай магілы.
Тэрыторыя ахоўнай зоны супадае з тэрыторыяй гісторыка-культурнай каштоўнасці.
7. Мяжой тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці і ахоўнай зоны згодна з дадаткам з’яўляюцца:
на поўначы – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 1 на ўсход паралельна паўночнай мяжы брукаванай пляцоўкі брацкай магілы да кропкі 2;
на ўсходзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 2 на поўдзень паралельна ўсходняй мяжы брукаванай пляцоўкі брацкай магілы да кропкі 3;
на поўдні – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 3 на захад да кропкі 4; далей – ад кропкі 4 на поўнач уздоўж агароджы зямельнага ўчастка жылога сядзібнага дома па вул. Пераможцаў, 11 да кропкі 5; далей – ад кропкі 5 на захад уздоўж агароджы зямельнага ўчастка жылога сядзібнага дома па вул. Пераможцаў, 11 да кропкі 6;
на захадзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 6 на поўнач паралельна сцяне з надпісам-прысвячэннем брацкай магілы да кропкі 1.
8. На тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці і ахоўнай зоны забараняецца:
навукова не абгрунтаваная змена ўмоў успрымання элементаў гісторыка-культурнай каштоўнасці;
знішчэнне, прычыненне шкоды, пагаршэнне тэхнічнага стану элементаў, якія ўваходзяць у склад гісторыка-культурнай каштоўнасці, навукова не абгрунтаванае іх змяненне;
узвядзенне будынкаў і збудаванняў, акрамя навукова абгрунтаванага аднаўлення страчаных будынкаў і пракладкі інжынерных камунікацый або работ, звязаных з іх абслугоўваннем;
пракладка наземных інжынерных камунікацый;
правядзенне работ па добраўпарадкаванні і азеляненні тэрыторыі без праектнай дакументацыі, распрацаванай і зацверджанай ва ўстаноўленым парадку і без уліку традыцыйных прыёмаў і матэрыялаў;
высечка дрэў (акрамя аб’ектаў расліннага свету, якія знаходзяцца ў неналежным (аварыйным) стане на падставе заключэння аб прызнанні дрэва небяспечным, а таксама акрамя санітарных рубак) без папаўнення драўняных пасадак.
ГЛАВА 3
ЗОНА РЭГУЛЯВАННЯ ЗАБУДОВЫ
9. Зона рэгулявання забудовы ўстаноўлена з мэтай стварэння неабходных умоў успрымання гісторыка-культурнай каштоўнасці, рэгламентавання маштабу новага будаўніцтва і рэканструкцыі існуючай забудовы.
10. Мяжой тэрыторыі зоны рэгулявання забудовы згодна з дадаткам з’яўляюцца:
на поўдні – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 7 на захад да кропкі 8;
на захадзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 8 на поўнач у напрамку вул. Генерала Друзянкова паралельна заходняму фасаду будынка былога клуба (вул. Пераможцаў, 22А) да кропкі 9;
на поўначы – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 9 на ўсход, уздоўж вул. Генерала Друзянкова да кропкі 10;
на ўсходзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 10 на поўдзень уздоўж вул. Пераможцаў да кропкі 6 праз кропку 1; далей – ад кропкі 6 на ўсход да кропкі 5; далей – ад кропкі 5 на поўдзень уздоўж вул. Пераможцаў да кропкі 7 праз кропку 4.
11. На тэрыторыі зоны рэгулявання забудовы забараняецца:
узвядзенне будынкаў і збудаванняў вышэй за 8 м ад узроўня зямлі да ўзроўню канька даху і надбудова будынкаў і збудаванняў пры рэканструкцыі вышэй за 8 м ад узроўня зямлі да ўзроўню канька даху;
узвядзенне будынкаў і збудаванняў без выкарыстання традыцыйных аб’ёмна-прасторавых і колеравых рашэнняў і без ужывання традыцыйных будаўнічых матэрыялаў;
змена трасіроўкі існуючых дарог;
ажыццяўленне дзейнасці, якая прыводзіць да змены характару ландшафту;
пасадка высакарослых дрэваў без абгрунтавання праз сістэму ландшафтна-кампазіцыйнага аналізу тэрыторыі;
усталяванне сродкаў вонкавай рэкламы і іншых інфармацыйных указальнікаў, якія ствараюць перашкоды для візуальнага ўспрымання аб’ёмна-прасторавых уласцівасцей і элементаў гісторыка-культурнай каштоўнасці.
ГЛАВА 4
ЗОНА АХОВЫ ЛАНДШАФТУ
12. Зона аховы ландшафту ўстаноўлена вакол гісторыка-культурнай каштоўнасці зыходзячы з неабходнасці захавання зялёнай зоны тэрыторыі, якая мае візуальную сувязь з гісторыка-культурнай каштоўнасцю.
13. Мяжой тэрыторыі зоны аховы ландшафту згодна з дадаткам з’яўляюцца:
на поўначы – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 10 на ўсход у напрамку вул. Пераможцаў да кропкі 11; далей – ад кропкі 11, перасякаючы вул. Пераможцаў да кропкі 12;
на ўсходзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 12 на поўдзень уздоўж вул. Пераможцаў у створ заходняга (галоўнага) фасаду будынка былога магазіна (вул. Пераможцаў, 30) да кропкі 13;
на поўдні – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 13 на захад праз кропкі 14 і 15, перасякаючы вул. Пераможцаў да кропкі 7;
на захадзе – умоўная лінія, якая ідзе ад кропкі 7 на поўнач да кропкі 4; далей – ад кропкі 4 на ўсход да кропкі 3; далей – ад кропкі 3 на поўнач да кропкі 2; далей – ад кропкі 2 на захад да кропкі 1; далей – ад кропкі 1 на поўнач да кропкі 10.
14. На тэрыторыі зоны аховы ландшафту забараняецца:
узвядзенне будынкаў і збудаванняў;
усталяванне сродкаў вонкавай рэкламы і іншых інфармацыйных указальнікаў, якія ствараюць перашкоды для візуальнага ўспрымання аб’ёмна-прасторавых уласцівасцей і элементаў гісторыка-культурнай каштоўнасці;
змяненне існуючага рэльефу і характару ландшафту;
правядзенне работ па добраўпарадкаванні тэрыторыі без праектнай дакументацыі, распрацаванай і ўзгодненай ва ўстаноўленым парадку;
высечка дрэў (акрамя аб’ектаў расліннага свету, якія знаходзяцца ў неналежным (аварыйным) стане на падставе заключэння аб прызнанні дрэва небяспечным, а таксама акрамя санітарных рубак) без папаўнення драўняных пасадак;
пасадка высакарослых дрэў без абгрунтавання праз сістэму ландшафтна-кампазіцыйнага аналізу тэрыторыі.