![]() | Официальная правовая информация |
ПАСТАНОВА МІНІСТЭРСТВА КУЛЬТУРЫ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
22 лютага 2021 г. № 15
Аб зацвярджэнні праекта зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Форт «Граф Берг» па вул. Пісьменніка Смірнова, 2 у г. Брэсце
На падставе пункта 3 артыкула 105 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры і абзаца пятага падпункта 5.27 пункта 5 Палажэння аб Міністэрстве культуры, зацверджанага пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 17 студзеня 2017 г. № 40, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ПАСТАНАЎЛЯЕ:
1. Зацвердзіць праект зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Форт «Граф Берг» па вул. Пісьменніка Смірнова, 2 у г. Брэсце (дадаецца).
2. Дадзеная пастанова ўступае ў сілу пасля яе афіцыйнага апублікавання.
Міністр |
А.М.Маркевіч |
|
Пастанова |
Праект зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Форт «Граф Берг» па вул. Пісьменніка Смірнова, 2 у г. Брэсце
ГЛАВА 1
АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННІ
1. Праект зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Форт «Граф Берг» па вул. Пісьменніка Смірнова, 2 у г. Брэсце (далей – праект зон аховы) распрацаваны на падставе пункта 3 артыкула 105 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры.
2. Форт «Граф Берг» па вул. Пісьменніка Смірнова, 2 у г. Брэсце з’яўляецца нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасцю (далей – гісторыка-культурная каштоўнасць) у складзе комплекснай нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці катэгорыі «1» – сістэма фартоў у складзе фартыфікацыйных збудаванняў Брэсцкай крэпасці (ХІХ ст.), якая ўнесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь пад шыфрам 111Г000741 у адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 14 мая 2007 г. № 578 «Аб статусе гісторыка-культурных каштоўнасцей».
3. Праект зон аховы распрацаваны таварыствам з абмежаванай адказнасцю «РэстаўрацыяІнвест» па заказе адкрытага акцыянернага таварыства «Брэсцкі мясакамбінат» (далей – ААТ «Брэсцкі мясакамбінат»).
4. Праект зон аховы распрацаваны з мэтай забеспячэння захавання гісторыка-культурнай каштоўнасці і яе навакольнага асяроддзя, заключаецца ў вызначэнні межаў тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці, межаў зон аховы і ўстанаўленні рэжымаў утрымання і выкарыстання зон аховы.
5. Праект зон аховы распрацаваны на падставе архіўна-бібліяграфічных і натурных даследаванняў, аналізу існуючай горадабудаўнічай сітуацыі і ландшафту.
6. Праектам зон аховы ўстаноўлена тэрыторыя гісторыка-культурнай каштоўнасці і наступныя зоны аховы: ахоўная зона, зона рэгулявання забудовы, зона аховы ландшафту і зона аховы культурнага пласта (слоя).
Схема зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Форт «Граф Берг» па вул. Пісьменніка Смірнова, 2 у г. Брэсце дадаецца (дадатак 1).
Каардынатная схема зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Форт «Граф Берг» па вул. Пісьменніка Смірнова, 2 у г. Брэсце дадаецца (дадатак 2).
ГЛАВА 2
ТЭРЫТОРЫЯ ГІСТОРЫКА-КУЛЬТУРНАЙ КАШТОЎНАСЦІ
7. Плошча тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці складае 4,01 га.
8. Мяжой тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці з’яўляюцца:
на поўначы і захадзе – ламаная лінія, якая праходзіць па контрэскарпу (рэшткам вонкавага боку знешняга землянога вала абводнага рова), далей па ўнутранаму адкосу галоўнага вала (праз кропкі A, B, C, D, E, F, G з геаграфічнымі каардынатамі згодна з дадаткам 2);
на ўсходзе і поўдні – ламаная лінія, якая праходзіць па заходняму боку сцежкі да будынка мясатлушчавага цэху ААТ «Брэсцкі мясакамбінат», далей па гаржавому фасу (тыльнаму боку ўмацавання) (праз кропкі G, H, I, J, K, L, M, N, O, P, Q з геаграфічнымі каардынатамі згодна з дадаткам 2).
У мяжу тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці ўключаны два будынкі халадзільнікаў у гістарычных аб’ёмах, якія знаходзяцца ў паўднёва-ўсходнім напрамку на адлегласці 20 м ад кропак H, G паўднёвай мяжы тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці.
9. Пры ажыццяўленні дзейнасці на тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці павінны выконвацца патрабаванні Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры.
ГЛАВА 3
АХОЎНАЯ ЗОНА
10. Ахоўная зона ўстаноўлена зыходзячы з умоў фізічнага захавання гісторыка-культурнай каштоўнасці і стварэння спрыяльных умоў для яе ўспрымання.
Плошча ахоўнай зоны складае 4,01 га.
Межы ахоўнай зоны супадаюць з мяжой тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці.
11. На тэрыторыі ахоўнай зоны забараняецца:
узвядзенне будынкаў і збудаванняў, акрамя аднаўлення страчаных гістарычных будынкаў і збудаванняў на падставе навукова-праектнай дакументацыі, існаванне якіх будзе пацверджана архіўна-бібліяграфічнымі матэрыяламі;
рамонт і рэканструкцыя існуючых дысгарманічных аб’ектаў, акрамя работ па іх візуальнай нейтралізацыі ў гістарычным асяроддзі, вынасу па-за межы ахоўнай зоны;
усталяванне сродкаў вонкавай рэкламы, якія ствараюць перашкоды для візуальнага ўспрымання аб’ёмна-прасторавых уласцівасцей элементаў гісторыка-культурнай каштоўнасці;
правядзенне работ па добраўпарадкаванні тэрыторыі, якое пагаршае ўмовы ўспрымання гісторыка-культурнай каштоўнасці;
правядзенне будаўнічых і земляных работ без прыняцця неабходных мер па выяўленні археалагічных аб’ектаў і археалагічных артэфактаў у парадку, устаноўленым заканадаўствам.
ГЛАВА 4
ЗОНА РЭГУЛЯВАННЯ ЗАБУДОВЫ
12. Зона рэгулявання забудовы ўстаноўлена зыходзячы з неабходнасці захавання гістарычна абумоўленай сістэмы планіроўкі і стварэння неабходных умоў успрымання гісторыка-культурнай каштоўнасці. Межы зоны рэгулявання забудовы ўстаноўлены з улікам сучаснай горадабудаўнічай сітуацыі.
Плошча зоны рэгулявання забудовы складае 6,77 га.
13. Межамі зоны рэгулявання забудовы з’яўляюцца:
на поўначы і ўсходзе – ламаная лінія, якая ідзе праз кропкі б, а, 7, 8, 9, 10, 11, 12, 13, 14, 15, 16, г з геаграфічнымі каардынатамі згодна з дадаткам 2;
на поўдні і захадзе – лінія, якая ідзе па мяжы былой тэрыторыі форта праз кропкі б, в, г з геаграфічнымі каардынатамі згодна з дадаткам 2.
14. На тэрыторыі зоны рэгулявання забудовы забараняецца:
узвядзенне новых будынкаў і збудаванняў;
высечка старых дрэў (узрост 80 гадоў і болей), акрамя тых аб’ектаў, якія знаходзяцца ў неналежным і (або) аварыйным стане на падставе заключэння ў адносінах да аб’ектаў расліннага свету;
змена трасіроўкі фрагмента былой дарогі ад агароджы ААТ «Брэсцкі мясакамбінат» да вул. Пісьменніка Смірнова;
будаўніцтва транспартных магістралей і развязак, эстакад, мастоў і іншых інжынерных збудаванняў;
змена гістарычнай планіровачнай структуры, акрамя дэмантажу будынкаў і збудаванняў прамысловага прадпрыемства, складскіх аб’ектаў і іншых збудаванняў, якія павялічваюць грузавыя патокі, забруджваюць паветраны басейн, з’яўляюцца выбухова- і пажаранебяспечнымі.
ГЛАВА 5
ЗОНА АХОВЫ ЛАНДШАФТУ
15. Зона аховы ландшафту ўстаноўлена зыходзячы з неабходнасці захавання прыроднага асяроддзя, якое мае візуальную сувязь з гісторыка-культурнай каштоўнасцю.
Плошча зоны аховы ландшафту складае 2,54 га.
16. Вонкавай мяжой зоны аховы ландшафту з’яўляюцца:
на паўночным захадзе, захадзе і поўдні – лінія, якая праходзіць на адлегласці 15 м ад контрэскарпу і гаржавога фасу, далей на адлегласці 8,5 м ад унутранага адкоса галоўнага вала (праз кропкі 1, 19, 18, 17, 16, 15, 14, 13, 12, 11, 10, 9, 8, 7, а з геаграфічнымі каардынатамі згодна з дадаткам 2);
на поўначы – лінія, якая праходзіць па адмостцы будынка мясатлушчавага цэха ААТ «Брэсцкі мясакамбінат» да агароджы мясакамбіната (праз кропкі 1, 2, 3, 4, 5 з геаграфічнымі каардынатамі згодна з дадаткам 2);
на ўсходзе – лінія, якая праходзіць па агароджы мясакамбіната ААТ «Брэсцкі мясакамбінат» (праз кропкі 5, 6, а з геаграфічнымі каардынатамі згодна з дадаткам 2);
на паўднёвым усходзе – лінія, якая праходзіць па адмостцы будынка хларатарнай, далей па адмостцы будынка кулінарнага цэха, далей па адмостцы будынкаў халадзільніка і кампрэсарнага цэха ААТ «Брэсцкі мясакамбінат».
Унутранай мяжой зоны аховы ландшафту гісторыка-культурнай каштоўнасці з’яўляецца ўмоўная лінія, якая супадае з межамі тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці.
17. На тэрыторыі зоны аховы ландшафту забараняецца:
змена характару ландшафту, акрамя дэмантажу дысгарманічных аб’ектаў;
узвядзенне будынкаў і збудаванняў, акрамя аднаўлення страчаных гістарычных будынкаў і збудаванняў на падставе навукова-праектнай дакументацыі, існаванне якіх будзе даказана гістарычна і пацверджана навукова-археалагічнымі даследаваннямі;
правядзенне работ па добраўпарадкаванні тэрыторыі, якое пагаршае ўмовы ўспрымання гісторыка-культурнай каштоўнасці;
высечка старых дрэў (узрост 80 гадоў і болей), акрамя тых аб’ектаў, якія знаходзяцца ў неналежным і (або) аварыйным стане на падставе адпаведнага заключэння ў адносінах да аб’ектаў расліннага свету.
ГЛАВА 6
ЗОНА АХОВЫ КУЛЬТУРНАГА ПЛАСТА (СЛОЯ)
18. Зона аховы культурнага пласта (слоя) устаноўлена для выяўлення, захавання і даследавання археалагічных аб’ектаў і археалагічных артэфактаў.
19. Зона аховы культурнага пласта (слоя) вызначана ў межах зоны аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці.
20. У зоне аховы культурнага пласта (слоя) забараняецца правядзенне рамонтна-рэстаўрацыйных і земляных работ без правядзення археалагічных даследаванняў па выяўленні археалагічных аб’ектаў і артэфактаў у адпаведнасці з артыкуламі 129 і 130 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры.
|
да праекта зон аховы нерухомай |
Схема зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Форт «Граф Берг» па вул. Пісьменніка Смірнова, 2 у г. Брэсце