![]() | Официальная правовая информация |
ПАСТАНОВА МІНІСТЭРСТВА КУЛЬТУРЫ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
25 кастрычніка 2016 г. № 40
Аб зацвярджэнні праекта зон аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці – «Фрагменты былой сядзібы «Трусавічы» (другая палова ХІХ стагоддзя) у в. Трусавічы Лагойскага раёна Мінскай вобласці»
На падставе часткі першай пункта 2 артыкула 29 Закона Рэспублікі Беларусь ад 9 студзеня 2006 года «Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь» Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ПАСТАНАЎЛЯЕ:
Зацвердзіць прыкладзены праект зон аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці – «Фрагменты былой сядзібы «Трусавічы» (другая палова ХІХ стагоддзя) у в. Трусавічы Лагойскага раёна Мінскай вобласці».
Міністр |
Б.У.Святлоў |
|
Пастанова |
Праект зон аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці – «Фрагменты былой сядзібы «Трусавічы» (другая палова ХІХ стагоддзя) у в. Трусавічы Лагойскага раёна Мінскай вобласці»
ГЛАВА 1
АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННІ
1. Праект зон аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці – «Фрагменты былой сядзібы «Трусавічы» (другая палова ХІХ стагоддзя) у в. Трусавічы Лагойскага раёна Мінскай вобласці» (далей – праект зон аховы) распрацаваны на падставе часткі першай пункта 2 артыкула 29 Закона Рэспублікі Беларусь ад 9 студзеня 2006 года «Аб ахове гiсторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь» (Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь, 2006 г., № 9, 2/1195).
2. Фрагменты былой сядзібы «Трусавічы» ў в. Трусавічы Лагойскага раёна Мінскай вобласці з’яўляюцца гісторыка-культурнай каштоўнасцю катэгорыі «3», унесенай у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь пад шыфрам 613Г000276 у адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 14 мая 2007 г. № 578 «Аб статусе гісторыка-культурных каштоўнасцей» (Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь, 2007 г., № 119, 5/25167).
3. Праект зон аховы распрацаваны індывідуальным прадпрымальнікам Луцэвіч Л.П. па заказу аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Лагойскага раённага выканаўчага камітэта.
4. Праект зон аховы выкананы з мэтай забеспячэння аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці і яе навакольнага асяроддзя, заключаецца ў вызначэнні межаў зон аховы і ўстанаўленні рэжымаў іх утрымання і выкарыстання.
5. Праект зон аховы распрацаваны на падставе гісторыка-архіўных і бібліяграфічных даследаванняў, аналізу горадабудаўнічай сітуацыі і ландшафту.
6. Праектам зон аховы ўстаноўлены наступныя зоны аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці: ахоўная зона, зона рэгулявання забудовы, зона аховы ландшафту.
Схема зон аховы дадаецца.
ГЛАВА 2
ТЭРЫТОРЫЯ ГІСТОРЫКА-КУЛЬТУРНАЙ КАШТОЎНАСЦІ. АХОЎНАЯ ЗОНА
7. Тэрыторыя гісторыка-культурнай каштоўнасці, якая змяшчае фрагменты парку, вадаёмы, рэшткі лядоўні, супадае з тэрыторыяй ахоўнай зоны.
Плошча тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці складае 3,60 га.
8. Межамі ахоўнай зоны з’яўляюцца:
на захадзе – лінія, якая ідзе ўздоўж уязной паўднёвай алеі на адлегласці дзесяці метраў ад яе, далей па заходніх межах зямельных участкаў дамоў № 10 і № 12 у в. Трусавічы;
на поўначы – лінія, якая ідзе па паўднёвай абочыне аўтамабільнай дарогі Дашкі–Жабічы–Трусавічы;
на ўсходзе – лінія, якая ідзе ўздоўж усходняй алеі на адлегласці дзесяці метраў ад яе;
на поўдні – лінія, якая ідзе на адлегласці дзесяці метраў ад урэзу вады паўднёвага берага вадаёма на р. Канатопка і ад уязной паўднёвай алеі, далей па паўночным краі прылеглай палявой дарогі.
9. На тэрыторыі ахоўнай зоны дазваляецца дзейнасць па аднаўленні гісторыка-культурнай каштоўнасці, у тым ліку з раскрыццём гістарычных кампазіцый, выяўленнем гістарычнай планіроўкі, з захаваннем зялёных насаджэнняў, узрост якіх 100 гадоў і болей, асаблівасцей рэльефу, на падставе навукова-праектнай дакументацыі, распрацаванай у парадку, вызначаным заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.
10. На тэрыторыі ахоўнай зоны рэкамендуецца:
кансервацыя рэшткаў гістарычных пабудоў (лядоўні, стайні, сядзібнага дома) да пачатку работ, вызначаных пунктам 9 дадзенага праекта;
санацыя зялёных насаджэнняў.
ГЛАВА 3
ЗОНА РЭГУЛЯВАННЯ ЗАБУДОВЫ
11. Зона рэгулявання забудовы ўстаноўлена з мэтай рэгламентавання маштабу новага будаўніцтва і рэканструкцыі існуючай забудовы на ўчастках сядзібнай забудовы.
Зона рэгулявання забудовы складаецца з двух участкаў аднолькавага рэжыму ўтрымання.
Агульная плошча зоны рэгулявання забудовы складае 1,20 га.
12. Межамі першага ўчастка зоны рэгулявання забудовы з’яўляецца на захадзе, поўначы, усходзе і поўдні лінія, якая супадае з межамі зямельных участкаў дамоў № 10 і № 12 у в. Трусавічы.
13. Межамі другога ўчастка зоны рэгулявання забудовы з’яўляюцца:
на захадзе – лінія, якая адступае на пяць метраў ад прасёлачнай дарогі (працяг дамбы), далей – па заходняй мяжы зямельных участкаў, якія належаць грамадзянам Шацько Б.А., Картаўцавай Н.В., Цэдрык П.В., Цвятковай Я.П.;
на поўначы – лінія, якая ідзе па паўднёвай абочыне дарогі Дашкі–Жабічы–Трусавічы, далей – па паўночнай мяжы зямельнага ўчастка, які належыць грамадзянцы Хахловай Ю.В., і паўночнай мяжы незарэгістраванага зямельнага ўчастка;
на ўсходзе – лінія, якая ідзе ўздоўж усходняй алеі на адлегласці 10 м ад яе;
на поўдні – лінія, якая ідзе па паўднёвай мяжы зямельных участкаў, якія належаць грамадзяніну Шацько Б.А., далей – па паўднёвай мяжы зямельнага участка, які належыць грамадзянцы Хахловай Ю.В., і паўднёвай мяжы незарэгістраванага зямельнага ўчастка.
14. На тэрыторыі зоны рэгулявання забудовы забараняецца:
будаўніцтва будынкаў і збудаванняў вышэй за 8 метраў ад узроўню глебы да ўзроўню вільчака даху;
высечка дрэў, узрост якіх 80 гадоў і болей;
устаноўка непразрыстых агароджаў вышэй за 1,5 м.
15. На тэрыторыі зоны рэгулявання забудовы дазваляецца:
рэканструкцыя, рамонт існуючых жылых аднапавярховых будынкаў без змены павярховасці;
пракладка інжынерных камунікацый;
добраўпарадкаванне тэрыторыі.
16. На тэрыторыі зоны рэгулявання забудовы прапануецца весці новае будаўніцтва з выкарыстаннем традыцыйных архітэктурных форм сядзібнай забудовы і традыцыйных будаўнічых матэрыялаў.
ГЛАВА 4
ЗОНА АХОВЫ ЛАНДШАФТУ
17. Зона аховы ландшафту ўстаноўлена зыходзячы з неабходнасці фізічнага захавання і візуальнага ўспрымання гісторыка-культурнай каштоўнасці.
Зона аховы ландшафту размешчана на поўнач і на захад ад ахоўнай зоны і ўяўляе сабой цэнтральную частку былой вытворча-гаспадарчай зоны (фальварка). Зона аховы ланшафту ўключае ўчасткі з падмуркамі гістарычных пабудоў: комплекс бровара, гаспадарчыя пабудовы, фрагменты гістарычнай планіроўкі.
Плошча зоны аховы ландшафту складае 5,10 га.
18. Межамі зоны аховы ланшафту з’яўляюцца:
на захадзе – лінія, якая адступае ад дамбы ў заходняй частцы сажалкі на р. Канатопка на адлегласць 160 м па рацэ і ідзе да паўднёвай мяжы в. Трусавічы, далей супадае з мяжой ляснога масіву па абодвух баках аўтамабільнай дарогі Дашкі–Жабічы–Трусавічы да палявой дарогі на поўначы;
на поўначы – лінія, якая ідзе па паўднёвай абочыне палявой дарогі;
на ўсходзе – лінія, якая адступае ад ствалоў дрэў перыметральнай алеі на адлегласць 10 м на ўсход, далей ідзе па мяжы ахоўнай зоны і заходняй мяжы першага ўчастка зоны рэгулявання забудовы (зямельныя ўчасткі дамоў № 10 і № 12 у в. Трусавічы);
на поўдні – лінія, якая ідзе па мяжы луга і дравесна-хмызняковай расліннасці ўздоўж р. Канатопка.
19. На тэрыторыі зоны аховы ландшафту забараняецца:
узвядзенне будынкаў і збудаванняў;
пракладка магістральных дарог;
высечка дрэў, узрост якіх 80 гадоў і болей;
знішчэнне рэшткаў падмуркаў гістарычных пабудоў (комплекс бровара, гаспадарчыя пабудовы);
размяшчэнне накапляльнікаў сцёкавых вод і іншых аб’ектаў, здольных выклікаць хімічнае ці біялагічнае забруджванне паверхневых і падземных вод.
20. На тэрыторыі зоны аховы ланшафту дазваляецца:
правядзенне сельскагаспадарчых работ;
пракладка інжынерных камунікацый;
правядзенне работ па добраўпарадкаванні тэрыторыі.
21. На тэрыторыі зоны аховы ландшафту рэкамендуецца:
кансервацыя рэшткаў гістарычных пабудоў на падставе навукова-праектнай дакументацыі, распрацавананай у парадку, устаноўленым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь;
правядзенне санацыі зялёных насаджэнняў.