Закладки

Официальная правовая информация
Информационно-поисковая система ”ЭТАЛОН-ONLINE“, 03.08.2025
Национальный центр законодательства и правовой информации Республики Беларусь

ПАСТАНОВА МІНІСТЭРСТВА КУЛЬТУРЫ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ

3 лістапада 2022 г. № 91

Аб зацвярджэнні праектаў зон аховы нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей г.п. Арэхаўск Аршанскага раёна Віцебскай вобласці

На падставе пунктаў 2 і 3 артыкула 105 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры і абзаца пятага падпункта 5.27 пункта 5 Палажэння аб Міністэрстве культуры, зацверджанага пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 17 студзеня 2017 г. № 40, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ПАСТАНАЎЛЯЕ:

1. Зацвердзіць:

праект зон аховы нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей «Магіла героя Савецкага Саюза Ю.В.Смірнова» і «Брацкая магіла» ў г.п. Арэхаўск Аршанскага раёна Віцебскай вобласці (дадаецца);

праект зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Свята-Троіцкая царква са званіцай» па вул. Леніна, 33 у г.п. Арэхаўск Аршанскага раёна Віцебскай вобласці (дадаецца).

2. Дадзеная пастанова ўступае ў сілу пасля яе афіцыйнага апублікавання.

 

Міністр

А.М.Маркевіч

 

 

ЗАЦВЕРДЖАНА

Пастанова
Міністэрства культуры
Рэспублікі Беларусь
03.11.2022 № 91

Праект зон аховы нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей «Магіла героя Савецкага Саюза Ю.В.Смірнова» і «Брацкая магіла» ў г.п. Арэхаўск Аршанскага раёна Віцебскай вобласці

ГЛАВА 1
АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННІ

1. Праект зон аховы нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей «Магіла героя Савецкага Саюза Ю.В.Смірнова» і «Брацкая магіла» ў г.п. Арэхаўск Аршанскага раёна Віцебскай вобласці (далей – праект зон аховы) распрацаваны на падставе пунктаў 2 і 3 артыкула 105 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры.

2. «Магіла Героя Савецкага Саюза Ю.В.Смірнова» ў г.п. Арэхаўск Аршанскага раёна Віцебскай вобласці з’яўляецца нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасцю катэгорыі «3», якая пад шыфрам 213Д000123 уключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.

«Брацкая магіла» ў г.п. Арэхаўск Аршанскага раёна Віцебскай вобласці з’яўляецца нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасцю катэгорыі «3», якая пад шыфрам 213Д000124 уключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.

3. Праект зон аховы распрацаваны ўнітарным прадпрыемствам «БЕЛНІІПГРАДАБУДАЎНІЦТВА» па заказе Аршанскага раённага выканаўчага камітэта ў складзе праекта «Генеральны план г.п. Арэхаўск і в. Брухава з дэталёвым планам цэнтральнай часткі г.п. Арэхаўск Аршанскага раёна».

4. Праект зон аховы распрацаваны з мэтай забеспячэння захавання нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей «Магіла героя Савецкага Саюза Ю.В.Смірнова» і «Брацкая магіла» ў г.п. Арэхаўск Аршанскага раёна Віцебскай вобласці (далей, калі не адзначана іншае, – гісторыка-культурныя каштоўнасці) і іх навакольнага асяроддзя, вызначае зоны аховы гісторыка-культурных каштоўнасцей і іх межы, рэжымы ўтрымання і выкарыстання зон аховы гісторыка-культурных каштоўнасцей.

5. Праект зон аховы распрацаваны на падставе архіўна-бібліяграфічных і натурных даследаванняў, аналізу горадабудаўнічай сітуацыі і ландшафту.

6. Праектам зон аховы ўстаноўлены тэрыторыі гісторыка-культурных каштоўнасцей і наступныя зоны іх аховы: ахоўная зона гісторыка-культурнай каштоўнасці (далей – ахоўная зона), зона аховы ландшафту гісторыка-культурнай каштоўнасці (далей – зона аховы ландшафту), зона рэгулявання забудовы гісторыка-культурнай каштоўнасці (далей – зона рэгулявання забудовы).

Схема зон аховы гісторыка-культурных каштоўнасцей дадаецца.

ГЛАВА 2
ТЭРЫТОРЫІ ГІСТОРЫКА-КУЛЬТУРНЫХ КАШТОЎНАСЦЕЙ. АХОЎНАЯ ЗОНА

7. Тэрыторыі гісторыка-культурных каштоўнасцей вызначаны непасрэдна ў вонкавых межах гісторыка-культурных каштоўнасцей.

Ахоўная зона ўстаноўлена зыходзячы з умоў захавання гісторыка-культурных каштоўнасцей, іх навакольнага асяроддзя і стварэння спрыяльных умоў для іх успрымання.

Ахоўная зона складаецца з двух участкаў.

8. Першы ўчастак ахоўнай зоны ўстаноўлены для гісторыка-культурнай каштоўнасці «Брацкая магіла».

Мяжой ахоўнай зоны з’яўляецца ўмоўная лінія, якая ідзе па мяжы зялёнай зоны паміж будынкам № 11 па вул. БелДРЭС і будынкам Дома культуры па вул. БелДРЭС і па мяжы пляцоўкі перад гісторыка-культурнай каштоўнасцю «Брацкая магіла» ад кропкі 1 праз кропкі 2, 3 і 4 да кропкі 1.

9. Другі ўчастак ахоўнай зоны ўстаноўлены для гісторыка-культурнай каштоўнасці «Магіла героя Савецкага Саюза Ю.В.Сміронова».

Мяжой ахоўнай зоны з’яўляецца ўмоўная лінія, якая ідзе ўздоўж знешняй мяжы пляцоўкі вакол гісторыка-культурнай каштоўнасці «Магіла героя Савецкага Саюза Ю.В.Сміронова» ад кропкі 5 праз кропкі 6, 7 і 8 да кропкі 5.

10. На тэрыторыі ахоўнай зоны забараняецца:

узвядзенне будынкаў і збудаванняў;

усталяванне рэкламных канструкцый;

ажыццяўленне дзейнасці без выканання патрабаванняў Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры;

ажыццяўленне дзейнасці без выканання патрабаванняў Палажэння аб парадку добраўпарадкавання вайсковых пахаванняў і пахаванняў ахвяр войн, зацверджанага пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 17 верасня 2018 г. № 675.

ГЛАВА 3
ЗОНА РЭГУЛЯВАННЯ ЗАБУДОВЫ

11. Зона рэгулявання забудовы ўстаноўлена для рэгламентавання маштабу новага будаўніцтва і рэканструкцыі існуючай забудовы на тэрыторыі, прылеглай да ахоўнай зоны гісторыка-культурнай каштоўнасці «Магіла героя Савецкага Саюза Ю.В.Сміронова». Межы зоны рэгулявання забудовы ўстаноўлены з улікам сучаснай горадабудаўнічай сітуацыі.

12. Мяжой зоны рэгулявання забудовы з’яўляецца ўмоўная лінія, якая ідзе ў створы з галоўным фасадам будынка № 6 па вул. БелДРЭС да перасячэння з унутрыквартальным праездам ад кропкі 9 да кропкі 10; далей – па ўнутрыквартальным праездзе ад кропкі 10 да кропкі 11; далей – па ўмоўнай лініі, праведзенай уздоўж тарцавога фасада будынка № 2 па вул. БелДРЭС ад кропкі 11 да кропкі 12.

Далей – умоўная лінія, якая ідзе па ўнутрыдваровой тэрыторыі паралельна ўнутрыквартальнаму праезду ад кропкі 12 да кропкі 13; далей – паралельна вул. БелДРЭС ад кропкі 13 да кропкі 14; далей – ад кропкі 14 да кропкі 9.

13. На тэрыторыі зоны рэгулявання забудовы забараняецца:

размяшчэнне прамысловых прадпрыемстваў, камунальна-складскіх аб’ектаў і іншых збудаванняў, якія павялічваюць грузавыя патокі, забруджваюць паветраны і водны басейны, з’яўляюцца выбухова- і пажаранебяспечнымі;

новае будаўніцтва вышэй за 11 м ад узроўню зямлі да вышэйшай кропкі даху (вышэй за 3 паверхі).

ГЛАВА 4
ЗОНА АХОВЫ ЛАНДШАФТУ

14. Зона аховы ландшафту ўстаноўлена зыходзячы з неабходнасці захавання існуючага ландшафту, зялёнай зоны, візуальна звязанага з гісторыка-культурнай каштоўнасцю «Магіла героя Савецкага Саюза Ю.В.Смірнова».

15. Мяжой зоны аховы ландшафту з’яўляецца ўмоўная лінія, якая ідзе ўздоўж мяжы зоны рэгулявання забудовы ад кропкі 12 праз кропку 13 да кропкі 14; далей – па мяжы зялёнай зоны ўздоўж дваровага фасада будынка № 6 па вул. БелДРЭС ад кропкі 14 да кропкі 15; далей – па мяжы зялёнай зоны ўздоўж дваровых фасадаў будынкаў № 5, № 1, № 1А і № 2 па вул. БелДРЭС ад кропкі 15 праз кропку 16 да кропкі 12.

16. У зоне аховы ландшафту забараняецца:

узвядзенне будынкаў і збудаванняў;

змяненне існуючага рэльефу і характару ландшафту;

правядзенне работ па добраўпарадкаванні і азеляненні тэрыторыі без праектнай дакументацыі, распрацаванай і ўзгодненай ва ўстаноўленым парадку;

высечка дрэў (акрамя аб’ектаў расліннага свету, якія знаходзяцца ў неналежным (аварыйным) стане на падставе адпаведнага заключэння, а таксама акрамя санітарных рубак);

пракладка інжынерных сетак у грунце без аднаўлення добраўпарадкавання;

пракладка транспартных камунікацый.

З мэтай зберажэння асяроддзя рэкамендуецца захаванне гістарычнага характару архітэктуры фасадаў пазначанай шэраговай гістарычнай забудовы, якая не мае статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці.

 


 

 

Дадатак

да праекта зон аховы нерухомых
матэрыяльных гісторыка-культурных
каштоўнасцей «Магіла героя Савецкага
Саюза Ю.В.Смірнова» і «Брацкая магіла»
ў г.п. Арэхаўск Аршанскага раёна
Віцебскай вобласці

СХЕМА ЗОН АХОВЫ ГІСТОРЫКА-КУЛЬТУРНЫХ КАШТОЎНАСЦЕЙ

 


 

 

ЗАЦВЕРДЖАНА

Пастанова
Міністэрства культуры
Рэспублікі Беларусь
03.11.2022 № 91

Праект зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Свята-Троіцкая царква са званіцай» па вул. Леніна, 33 у г.п. Арэхаўск Аршанскага раёна Віцебскай вобласці

ГЛАВА 1
АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННІ

1. Праект зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Свята-Троіцкая царква са званіцай» па вул. Леніна, 33 у г.п. Арэхаўск Аршанскага раёна Віцебскай вобласці (далей – праект зон аховы) распрацаваны на падставе пункта 3 артыкула 105 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры.

2. «Свята-Троіцкая царква са званіцай» па вул. Леніна, 33 у г.п. Арэхаўск Аршанскага раёна Віцебскай вобласці з’яўляецца нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасцю катэгорыі «3» (далей – гісторыка-культурная каштоўнасць), якая пад шыфрам 213Г000126 уключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.

3. Праект зон аховы распрацаваны ўнітарным прадпрыемствам «БЕЛНІІПГРАДАБУДАЎНІЦТВА» па заказе Аршанскага раённага выканаўчага камітэта ў складзе праекта «Генеральны план г.п. Арэхаўск і в. Брухава з дэталёвым планам цэнтральнай часткі г.п. Арэхаўск Аршанскага раёна».

4. Праект зон аховы распрацаваны з мэтай забеспячэння захавання гісторыка-культурнай каштоўнасці і яе навакольнага асяроддзя, вызначае тэрыторыю гісторыка-культурнай каштоўнасці, зоны аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці і іх межы, рэжымы ўтрымання і выкарыстання зон аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці.

5. Праект зон аховы распрацаваны на падставе архіўна-бібліяграфічных і натурных даследаванняў, аналізу горадабудаўнічай сітуацыі і ландшафту.

6. Праектам зон аховы ўстаноўлены тэрыторыя гісторыка-культурнай каштоўнасці і наступныя зоны яе аховы: ахоўная зона гісторыка-культурнай каштоўнасці (далей – ахоўная зона) і зона рэгулявання забудовы гісторыка-культурнай каштоўнасці (далей – зона рэгулявання забудовы).

Схема зон аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці дадаецца.

ГЛАВА 2
ТЭРЫТОРЫЯ ГІСТОРЫКА-КУЛЬТУРНАЙ КАШТОЎНАСЦІ. АХОЎНАЯ ЗОНА

7. Тэрыторыя гісторыка-культурнай каштоўнасці ўстаноўлена ў мяжы зямельнага ўчастка царквы Святой Троіцы па вул. Леніна, 33 і супадае з мяжой ахоўнай зоны.

Ахоўная зона ўстаноўлена зыходзячы з умоў захавання гісторыка-культурнай каштоўнасці, яе навакольнага асяроддзя і стварэння спрыяльных умоў для яе ўспрымання.

8. Мяжой ахоўнай зоны з’яўляецца ўмоўная лінія, якая ідзе ўздоўж мяжы зямельнага ўчастка царквы Святой Троіцы па вул. Леніна, 33 ад кропкі 1 праз кропкі 2, 3 і 4 да кропкі 1.

9. На тэрыторыі ахоўнай зоны забараняецца:

узвядзенне будынкаў і збудаванняў, у тым ліку размяшчэнне прамысловых прадпрыемстваў, камунальна-складскіх аб’ектаў і іншых збудаванняў, якія павялічваюць грузавыя патокі, забруджваюць паветраны і водны басейны, з’яўляюцца выбухова- і пажаранебяспечнымі;

правядзенне рамонтна-рэстаўрацыйных работ на гісторыка-культурнай каштоўнасці, якімі прадугледжаны навукова неабгрунтаваныя змяненні ў аб’ёмна-прасторавым, архітэктурным і канструктыўным рашэннях.

ГЛАВА 3
ЗОНА РЭГУЛЯВАННЯ ЗАБУДОВЫ

10. Зона рэгулявання забудовы ўстаноўлена для рэгламентавання маштабу новага будаўніцтва і рэканструкцыі існуючай забудовы на тэрыторыі, прылеглай да ахоўнай зоны гісторыка-культурнай каштоўнасці. Межы зоны рэгулявання забудовы ўстаноўлены з улікам сучаснай горадабудаўнічай сітуацыі.

Зона рэгулявання забудовы мае два рэжымы ўтрымання і складаецца з двух участкаў.

11. Мяжой зоны рэгулявання забудовы першага рэжыму ўтрымання з’яўляецца ўмоўная лінія, якая ідзе ўздоўж заходняй мяжы зямельных участкаў па вул. Леніна да мяжы ахоўнай зоны ад кропкі 5 да кропкі 1; далей – уздоўж мяжы ахоўнай зоны ад кропкі 1 праз кропку 4 да кропкі 3; далей – у створы з паўночна-заходняй мяжой зямельнага ўчастка царквы Святой Троіцы па вул. Леніна, 33 да вул. Пушкіна ад кропкі 3 да кропкі 6. Далей – уздоўж вул. Пушкіна ад кропкі 6 да кропкі 7; далей – уздоўж паўднёвай мяжы зямельных участкаў па вул. Пушкіна, 3, вул. Леніна, 41 ад кропкі 7 праз кропкі 8 і 9 да кропкі 5.

12. На тэрыторыі зоны рэгулявання забудовы першага рэжыму ўтрымання забараняецца:

размяшчэнне прамысловых прадпрыемстваў, камунальна-складскіх аб’ектаў і іншых збудаванняў, якія павялічваюць грузавыя патокі, забруджваюць паветраны і водны басейны, з’яўляюцца выбухова- і пажаранебяспечнымі;

новае будаўніцтва і рэканструкцыя існуючай забудовы без выкарыстання гістарычнага модуля па працягласці фасадаў і вышэй за 5 м ад узроўню зямлі да вышэйшай кропкі даху (вышэй за 1 паверх);

усталяванне з боку гарадскіх вуліц непразрыстай агароджы вышынёй больш за 1,2 м.

13. Мяжой зоны рэгулявання забудовы другога рэжыму ўтрымання з’яўляецца ўмоўная лінія, якая ідзе ўздоўж паўднёва-ўсходняй мяжы зямельнага ўчастка дзяржаўнай установы адукацыі «Арэхаўская сярэдняя школа імя Ю.В.Смірнова» па вул. БелДРЭС, 25 і паўднёва-ўсходняй мяжы зямельнага ўчастка хакейнай пляцоўкі ад кропкі 10 да кропкі 11; далей – уздоўж праезнай часткі вул. Леніна да вул. БелДРЭС ад кропкі 11 праз кропку 12 да кропкі 13. Далей – умоўная лінія, якая ідзе ўздоўж вул. БелДРЭС ад вул. Леніна да ўнутрыквартальнага праезда ад кропкі 13 да кропкі 14; далей – па ўнутрыквартальным праездзе ўздоўж паўднёвых фасадаў будынкаў па вул. БелДРЭС і па мяжы пляцоўкі перад галоўным фасадам дзяржаўнай установы адукацыі «Арэхаўская сярэдняя школа імя Ю.В.Смірнова» ад кропкі 14 праз кропку 15 да кропкі 10.

14. На тэрыторыі зоны рэгулявання забудовы другога рэжыму ўтрымання забараняецца:

размяшчэнне прамысловых прадпрыемстваў, камунальна-складскіх аб’ектаў і іншых збудаванняў, якія павялічваюць грузавыя патокі, забруджваюць паветраны і водны басейны, з’яўляюцца выбухова- і пажаранебяспечнымі;

новае будаўніцтва і рэканструкцыя існуючай забудовы вышэй за 7,5 м ад узроўню зямлі да вышэйшай кропкі даху (вышэй за 1 паверх з мансардай – 2 паверхі).

 


 

 

Дадатак

да праекта зон аховы нерухомай
матэрыяльнай гісторыка-культурнай
каштоўнасці «Свята-Троіцкая царква
са званіцай» па вул. Леніна, 33
у г.п. Арэхаўск Аршанскага раёна
Віцебскай вобласці

СХЕМА ЗОН АХОВЫ ГІСТОРЫКА-КУЛЬТУРНАЙ КАШТОЎНАСЦІ

 

Здравствуйте, данный браузер не поддерживается нашей системой, для продолжения работы воспользуйтесь другим браузером.