![]() | Официальная правовая информация |
ПАСТАНОВА МІНІСТЭРСТВА КУЛЬТУРЫ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
18 мая 2016 г. № 6
Аб зацвярджэнні праекта зон аховы гісторыка-культурных каштоўнасцей у в. Смаляны Аршанскага раёна Віцебскай вобласці
На падставе часткі першай пункта 2 артыкула 29 Закона Рэспублікі Беларусь ад 9 студзеня 2006 года «Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь» Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ПАСТАНАЎЛЯЕ:
Зацвердзіць прыкладзены праект зон аховы гісторыка-культурных каштоўнасцей у в. Смаляны Аршанскага раёна Віцебскай вобласці.
Міністр |
Б.У.Святлоў |
|
Пастанова 18.05.2016 № 6 |
Праект зон аховы гісторыка-культурных каштоўнасцей у в. Смаляны Аршанскага раёна Віцебскай вобласці
ГЛАВА 1
АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННІ
1. Праект зон аховы гісторыка-культурных каштоўнасцей у в. Смаляны Аршанскага раёна Віцебскай вобласці (далей – праект зон аховы) распрацаваны на падставе часткі першай пункта 2 артыкула 29 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь» (Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь, 2006 г., № 9, 2/1195).
2. Праект зон аховы распрацаваны для наступных гісторыка-культурных каштоўнасцей у в. Смаляны Аршанскага раёна Віцебскай вобласці катэгорыі «2», унесеных у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь у адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 14 мая 2007 г. № 578 «Аб статусе гісторыка-культурных каштоўнасцей» (Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь, 2007 г., № 119, 5/25167):
Спаса-Праабражэнская царква: роспісы па дрэву ў купале, шыфр 212Г000137 (далей – Спаса-Праабражэнская царква);
рэшткі былога дамініканскага касцёла, шыфр 212Г000138 (далей – рэшткі былога дамініканскага касцёла);
руіны замка «Белы Ковель», шыфр 212Г000139 (далей – руіны замка «Белы Ковель»).
3. Праект зон аховы распрацаваны па заказе Смалянскага сельскага выканаўчага камітэта індывідуальным прадпрымальнікам Калбовічам Яўгенам Канстанцінавічам.
4. Праект зон аховы распрацаваны з мэтай забеспячэння аховы гісторыка-культурных каштоўнасцей і іх навакольнага асяроддзя, заключаецца ў вызначэнні межаў зон аховы і ўсталяванні рэжымаў іх утрымання і выкарыстання.
5. Праект зон аховы распрацаваны на падставе гісторыка-архіўных і бібліяграфічных даследаванняў, аналізе горадабудаўнічай сітуацыі і ландшафту.
6. Праектам зон аховы ўстаноўлены наступныя зоны аховы гісторыка-культурных каштоўнасцей: ахоўныя зоны, зона рэгулявання забудовы, зона аховы ландшафту.
Схема зон аховы дадаецца.
ГЛАВА 2
АХОЎНАЯ ЗОНА
7. Ахоўныя зоны гісторыка-культурных каштоўнасцей устаноўлены зыходзячы з неабходнасці фізічнага захавання гісторыка-культурных каштоўнасцей і стварэння спрыяльных умоў для іх успрымання.
8. Плошча ахоўнай зоны гісторыка-культурнай каштоўнасці Спаса-Праабражэнская царква складае 0,6 га.
Межамі ахоўнай зоны гісторыка-культурнай каштоўнасці Спаса-Праабражэнская царква з’яўляюцца:
на поўначы – лінія, якая ідзе ўздоўж агароджы Спаса-Праабражэнскай царквы і дома святара;
на ўсходзе – лінія, якая ідзе на поўдзень уздоўж агульнай агароджы Спаса-Праабражэнскай царквы і дома святара на адлегласці 61 м;
на поўдні – лінія, якая ідзе паралельна вул. Спаса-Праабражэнскай да агароджы Спаса-Праабражэнскай царквы на захадзе;
на захадзе – лінія, якая ідзе ад апошняй кропкі папярэдняй лініі ўздоўж агароджы Спаса-Праабражэнскай царквы да вул. Спаса-Праабражэнскай.
9. Плошча ахоўнай зоны гісторыка-культурнай каштоўнасці рэшткі былога дамініканскага касцёла складае 1,3 га.
Межамі ахоўнай зоны гісторыка-культурнай каштоўнасці рэшткі былога дамініканскага касцёла з’яўляюцца:
на поўначы – вось праезнай часткі вуліцы С.Мітты на адлегласці 45 м ад скрыжавання з вул. Віцебскай да скрыжавання з вул. Аршанскай;
на ўсходзе – лінія, якая ідзе ўздоўж агароджы жылой забудовы на поўдзень да вул. Аршанскай;
на поўдні – вось праезнай часткі вул. Аршанскай ад скрыжавання з агароджай жылой забудовы да скрыжавання з вул. Горнай.
10. Плошча ахоўнай зоны гісторыка-культурнай каштоўнасці руіны замка «Белы Ковель» складае 3,0 га.
Межамі ахоўнай зоны гісторыка-культурнай каштоўнасці руіны замка «Белы Ковель» з’яўляюцца:
на поўначы – край праезнай часткі вул. Міра на адлегласці 201,4 м ад скрыжавання з вул. Аршанскай і вул. С.Мітты даўжынёй 101,5 м;
на ўсходзе – лінія, якая ідзе ўздоўж ракі Дзярноўка на поўдзень на адлегласці 142,6 м;
на поўдні – лінія, якая ідзе ад апошняй кропкі папярэдняй лініі на захад на адлегласці 109,6 м і далей паралельна вул. Міра на адлегласці 80,5 м і далей на поўнач да перакрыжавання з ракой Дзярноўка;
на захадзе – лінія, якая ідзе ад апошняй кропкі папярэдняй лініі ўздоўж ракі Дзярноўка да перакрыжавання з вул. Міра.
11. На тэрыторыі ахоўных зон гісторыка-культурных каштоўнасцей дазваляецца:
дзейнасць, якая прадугледжвае правядзенне мерапрыемстваў па захаванні гісторыка-культурных каштоўнасцей на падставе навукова-праектнай дакументацыі, распрацаванай у парадку, устаноўленым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь;
устанаўленне з боку гарадскіх вуліц празрыстых агароджаў вышынёй не больш за 1,2 м;
правядзенне добраўпарадкавання.
12. На тэрыторыі ахоўных зон гісторыка-культурных каштоўнасцей забараняецца:
правядзенне земляных работ без археалагічнага нагляду ці археалагічных даследаванняў;
узвядзенне будынкаў і збудаванняў.
13. На тэрыторыі ахоўнай зоны гісторыка-культурнай каштоўнасці рэшткі былога дамініканскага касцёла рэкамендуецца перанос за межы ахоўнай зоны дысаніруючага збудавання (воданапорная вежа).
ГЛАВА 3
ЗОНА РЭГУЛЯВАННЯ ЗАБУДОВЫ
14. Зона рэгулявання забудовы ўстаноўлена зыходзячы з умоў найлепшага ўспрымання і захавання кампазіцыйна-прасторавай цэласнасці асяроддзя гісторыка-культурных каштоўнасцей, рэгламентавання маштабу новага будаўніцтва і рэканструкцыі існуючай забудовы на тэрыторыях, прылеглых да гісторыка-культурных каштоўнасцей.
Плошча зоны рэгулявання забудовы складае 9,37 га.
15. Межамі зоны рэгулявання забудовы з’яўляюцца:
на поўначы – край праезнай часткі вул. Міра і далей уздоўж паўднёвай і ўсходняй мяжы рэшткаў былога дамініканскага касцёла да перакрыжавання з вул. С.Мітты і далей уздоўж вул. С.Мітты на адлегласці 190 м;
на ўсходзе – умоўная лінія, якая ідзе паралельна вул. Віцебскай да перакрыжавання з вул. Аршанскай;
на поўдні – лінія, якая ідзе ўздоўж вул. Аршанскай і далей у створы з вул. Аршанскай да перакрыжавання з мяжой ахоўнай зоны гісторыка-культурнай каштоўнасці Спаса-Праабражэнская царква;
на захадзе – лінія, якая ідзе ўздоўж ракі Дзярноўка і далей уздоўж мяжы ахоўнай зоны гісторыка-культурнай каштоўнасці руіны замка «Белы Ковель».
16. На тэрыторыі зоны рэгулявання забудовы дазваляецца:
рэканструкцыя існуючай забудовы, новае будаўніцтва не вышэй за 9 м ад узроўню зямлі да ўзроўню вільчыка даху з захаваннем маштабу і параметраў навакольнай забудовы;
правядзенне работ па добраўпарадкаванні тэрыторыі зоны рэгулявання забудовы і пракладцы інжынерных камунікацый.
ГЛАВА 4
ЗОНА АХОВЫ ЛАНДШАФТУ
17. Зона аховы ландшафту ўстаноўлена для гісторыка-культурнай каштоўнасці руіны замка «Белы Ковель». Зона аховы ландшафту ўстаноўлена зыходзячы з неабходнасці захавання прыроднага асяроддзя, якое мае візуальную сувязь з гісторыка-культурнай каштоўнасцю.
Плошча зоны аховы ландшафту гісторыка-культурнай каштоўнасці руіны замка «Белы Ковель» складае 2,8 га.
18. Межамі зоны аховы ландшафту гісторыка-культурнай каштоўнасці руіны замка «Белы Ковель» з’яўляюцца:
на поўначы – лінія ўздоўж паўднёвай мяжы ахоўнай зоны гісторыка-культурнай каштоўнасці руіны замка «Белы Ковель» на захад да перакрыжавання з ракой Дзярноўка і далей на захад уздоўж ракі Дзярноўка да кропкі, у якой злучаюцца два рукавы ракі Дзярноўка;
на поўдні – лінія, якая ідзе ад апошняй кропкі папярэдняй лініі ўздоўж ракі Дзярноўка да перакрыжавання з заходняй мяжой зоны рэгулявання забудовы;
на ўсходзе – лінія, якая ідзе ад апошняй кропкі папярэдняй лініі ўздоўж ракі Дзярноўка да паўднёвай мяжы ахоўнай зоны гісторыка-культурнай каштоўнасці руіны замка «Белы Ковель» да перакрыжавання з вул. Міра.
19. На тэрыторыі зоны аховы ландшафту гісторыка-культурнай каштоўнасці руіны замка «Белы Ковель» дазваляецца:
добраўпарадкаванне і азеляненне тэрыторыі;
аднаўленне страчаных пасадак зялёных насаджэнняў;
пракладка інжынерных камунікацый.
20. На тэрыторыі зоны аховы ландшафту гісторыка-культурнай каштоўнасці руіны замка «Белы Ковель» забараняецца:
узвядзенне будынкаў і збудаванняў;
пракладка транспартных камунікацый.