![]() | Официальная правовая информация |
ПАСТАНОВА МІНІСТЭРСТВА КУЛЬТУРЫ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
31 мая 2016 г. № 12
Аб зацвярджэнні праекта зон аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці – «Былы кальвінскі збор у в. Дзераўная Стаўбцоўскага раёна Мінскай вобласці»
На падставе часткі першай пункта 2 артыкула 29 Закона Рэспублікі Беларусь ад 9 студзеня 2006 года «Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь» Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ПАСТАНАЎЛЯЕ:
Зацвердзіць прыкладзены праект зон аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці – «Былы кальвінскі збор у в. Дзераўная Стаўбцоўскага раёна Мінскай вобласці».
Міністр |
Б.У.Святлоў |
|
Пастанова |
Праект зон аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці – «Былы кальвінскі збор у в. Дзераўная Стаўбцоўскага раёна Мінскай вобласці»
ГЛАВА 1
АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННІ
1. Праект зон аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці – «Былы кальвінскі збор у в. Дзераўная Стаўбцоўскага раёна Мінскай вобласці» (далей – праект зон аховы) распрацаваны на падставе часткі першай пункта 2 артыкула 29 Закона Рэспублікі Беларусь ад 9 студзеня 2006 года «Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь» (Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь, 2006 г., № 9, 2/1195).
2. Былы кальвінскі збор у в. Дзераўная Стаўбцоўскага раёна Мінскай вобласці з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю катэгорыі «2» (далей – гісторыка-культурная каштоўнасць), якая ўнесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь пад шыфрам 612Г000611 у адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 14 мая 2007 г. № 578 «Аб статусе гісторыка-культурных каштоўнасцей» (Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь, 2007 г., № 119, 5/25167).
3. Праект зон аховы распрацаваны адкрытым акцыянерным таварыствам «Цэнтр па рэгенерацыі гісторыка-культурных ландшафтаў і тэрыторый» па заказе аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Стаўбцоўскага раённага выканаўчага камітэта.
4. Праект зон аховы распрацаваны з мэтай забеспячэння аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці і яе навакольнага асяроддзя, заключаецца ў вызначэнні межаў зон аховы і ўсталяванні рэжымаў іх утрымання і выкарыстання.
5. Праект зон аховы распрацаваны на падставе гісторыка-архіўных, бібліяграфічных і натурных даследаванняў, аналізу існуючай горадабудаўнічай сітуацыі і ландшафту.
6. Праектам зон аховы ўстаноўлены наступныя зоны аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці: ахоўная зона, зона рэгулявання забудовы, зона аховы ландшафту, зона аховы культурнага пласта.
Схема зон аховы дадаецца.
ГЛАВА 2
АХОЎНАЯ ЗОНА
7. Ахоўная зона ўстаноўлена зыходзячы з неабходнасці фізічнага захавання гісторыка-культурнай каштоўнасці і стварэння найлепшых умоў яе візуальнага ўспрымання.
Плошча ахоўнай зоны складае 0,34 га.
8. Межамі ахоўнай зоны з’яўляецца ўмоўная лінія, якая ідзе па мяжы зямельнага ўчастка гісторыка-культурнай каштоўнасці і супадае з каменнай агароджай участка.
9. На тэрыторыі ахоўнай зоны забараняецца:
узвядзенне будынкаў і збудаванняў;
пракладка інжынерных камунікацый, не звязаных з функцыянаваннем былога кальвінскага збора;
устаноўка рэкламных канструкцый.
10. На тэрыторыі ахоўнай зоны дазваляецца:
санацыя зялёных насаджэнняў;
правядзенне работ па добраўпарадкаванні тэрыторыі, звязаных з патрабаваннем сучаснага выкарыстання і распрацаваных з улікам характара гістарычнага асяроддзя.
ГЛАВА 3
ЗОНА РЭГУЛЯВАННЯ ЗАБУДОВЫ
11. Зона рэгулявання забудовы ўстаноўлена зыходзячы з неабходнасці рэгламентавання маштабу новага будаўніцтва і рэканструкцыі існуючай забудовы на тэрыторыі, прылеглай да ахоўнай зоны, з улікам стварэння неабходных умоў для ўспрымання гісторыка-культурнай каштоўнасці. Межы зоны рэгулявання забудовы ўстаноўлены з улікам сучаснай горадабудаўнічай сітуацыі.
Плошча зоны рэгулявання забудовы складае 4,76 га.
12. Межамі зоны рэгулявання забудовы з’яўляюцца:
на паўночным захадзе – лінія ад заходняга кута зямельнага ўчастка дома № 17 па вул. Ваньковіча да паўночнага кута гэтага ўчастка, далей лінія ўздоўж паўночна-заходняй мяжы зямельных участкаў ад дома № 30 да дома № 20 па вул. Панамарова насупраць штучнай сажалкі на р. Кашалёўка, далей лінія ўздоўж паўночна-ўсходняй мяжы зямельнага ўчастка дома № 20 у паўднёвым накірунку да скрыжавання з мяжой зямельнага ўчастка дома № 15 па вул. Панамарова, далей лінія ўздоўж паўночна-заходняй мяжы зямельнага ўчастка дома № 15 па вул. Панамарова да ўсходняга кута зямельнага ўчастка дома № 13, далей лінія ад усходняга да паўночнага кута зямельнага ўчастка дома № 10 па вул. Панамарова, далей лінія ад паўночнага кута зямельнага ўчастка дома № 10 па вул. Панамарова ўздоўж паўночна-ўсходняй мяжы зямельных участкаў дамоў № 10, 8 і 6 да ўсходняга кута зямельнага ўчастка дома № 10 па вул. Панамарова;
на паўднёвым усходзе – лінія паўднёва-ўсходняй мяжы зямельных участкаў дамоў № 6 і 7 па вул. Панамарова;
на паўднёвым захадзе – лінія паўднёва-ўсходняй мяжы ўчасткаў дамоў № 7, 9, 17А і 17 па вул. Панамарова.
13. На тэрыторыі зоны рэгулявання забудовы забараняецца:
размяшчэнне прамысловых прадпрыемстваў, гандлёва-складскіх аб’ектаў і іншых збудаванняў, якія павялічваюць грузавыя патокі, забруджваюць паветраны і водны басейны, з’яўляюцца выбухова- і пажаранебяспечнымі;
будаўніцтва транспартных магістралей і развязак, эстакад, мастоў і іншых інжынерных збудаванняў;
узвядзенне новых будынкаў і збудаванняў вышынёй больш за 9 метраў ад узроўню глебы да вышэйшай адзнакі даху.
14. На тэрыторыі зоны рэгулявання забудовы дазваляюцца:
мерапрыемствы па рэстаўрацыі і аднаўленні гістарычнага аблічча будынкаў (будынак сучаснай плебаніі, былы касцёльны шпіталь);
узвядзенне будынкаў і збудаванняў, а таксама рэканструкцыя існуючай забудовы з выкарыстаннем традыцыйных будаўнічых матэрыялаў (круглы лес і брус мясцовых парод дрэва, палявы камень, цэгла, гонт, бляха, драўляная шалёўка сцен), прапорцый будынкаў (памеры ў плане 7–8 х 10–12 м, вышыня не больш за 9 м ад узроўню глебы да вышэйшай адзнакі даху) і архітэктурных элементаў;
усталяванне з боку вуліц празрыстай агароджы вышынёй не больш за 1,5 м з выкарыстаннем традыцыйных формаў і матэрыялаў;
добраўпарадкаванне і азеляненне тэрыторыі, замена пакрыцця вуліц і сцежак з выкарыстаннем традыцыйных гістарычных матэрыялаў;
пракладка інжынерных камунікацый.
ГЛАВА 4
ЗОНА АХОВЫ ЛАНДШАФТУ
15. Зона аховы ландшафту вызначана як тэрыторыя, якая захоўвае элементы прыроднага і антрапагеннага асяроддзя, што склаліся ў перыяд будаўніцтва гісторыка-культурнай каштоўнасці, за выключэннем курганнага могільніка.
Плошча зоны аховы ландшафту 0,49 га.
16. Межамі зоны аховы ландшафту з’яўляюцца:
на паўночным усходзе – паўднёва-заходняя мяжа зоны рэгулявання забудовы ўздоўж вул. Ваньковіча ад мяжы зямельнага ўчастка дома № 7 па вул. Ваньковіча да мяжы зямельнага ўчастка дома № 17 па вул. Ваньковіча;
на паўднёвым усходзе – лінія, якая праходзіць на адлегласці 20 м ад кута пералома па паўднёва-заходняй мяжы зоны рэгулявання забудовы в. Дзераўная і ідзе паралельна вул. Ваньковіча;
на паўднёвым усходзе – лінія, якая ідзе ў перпендыкулярным напрамку ад кута пералома паўднёва-ўсходняй мяжы на працягу 120 м;
на поўдні – лінія, якая праходзіць уздоўж р. Кашалёўка на адлегласці 30 м ад паўднёвага берага па заходняму куту і на адлегласці 60 м ад паўднёвага берага па ўсходняму куту.
17. На тэрыторыі зоны аховы ландшафту забараняецца:
узвядзенне будынкаў і збудаванняў;
змена існуючага характару ландшафту;
пракладка транспартных камунікацый;
вырубка дрэваў (акрамя санітарных рубак).
18. На тэрыторыі зоны аховы ландшафту дазваляецца:
сенакос, выпас жывёлы, палявыя і агародныя работы;
правядзенне работ па добраўпарадкаванні і азеляненні з выкарыстоўваннем характэрных гістарычных прыёмаў;
пракладка інжынерных камунікацый;
санітарныя рубкі зялёных насаджэнняў.
ГЛАВА 5
ЗОНА АХОВЫ КУЛЬТУРНАГА ПЛАСТА
19. Зона аховы культурнага пласта ўстаноўлена для выяўлення, захавання і даследавання археалагічных артэфактаў.
Зона аховы культурнага пласта складаецца з дзвюх частак.
20. Першая частка зоны аховы культурнага пласта ўстаноўлена на тэрыторыі ахоўнай зоны, знаходзіцца ў межах зямельнага участка гісторыка-культурнай каштоўнасці і супадае з каменнай агароджай участка.
Плошча першай часткі зоны аховы культурнага пласта складае 0,34 га.
21. Другая частка зоны аховы культурнага пласта ўстаноўлена на тэрыторыі курганнага могільніка. Межы другой часткі зоны аховы культурнага пласта супадаюць з умоўнай лініяй падэшвы вала курганнага могільніка.
Плошча другой часткі зоны аховы культурнага пласта складае 0,28 га.
22. На тэрыторыі першай часткі зоны аховы культурнага пласта забараняецца:
правядзенне будаўнічых і земляных работ без правядзення археалагічных даследаванняў па выяўленні археалагічных аб’ектаў і археалагічных артэфактаў у парадку, устаноўленым заканадаўствам;
пры выяўленні археалагічных аб’ектаў правядзенне будаўнічых і земляных работ без прыняцця неабходных мер па даследванні і захаванні гэтых аб’ектаў у парадку, устаноўленым заканадаўствам.
23. На тэрыторыі першай часткі зоны аховы культурнага пласта дазваляецца правядзенне будаўнічых і земляных работ з умовай прыняцця мер па ахове археалагічных аб’ектаў і археалагічных артэфактаў у парадку, устаноўленым заканадаўствам.
24. На тэрыторыі другой часткі зоны аховы культурнага пласта забараняецца:
узвядзенне будынкаў і збудаванняў;
змена існуючага характару ландшафту;
пракладка транспартных камунікацый;
высечка дрэваў (акрамя санітарнай высечкі).
25. На тэрыторыі другой часткі зоны аховы культурнага пласта дазваляюцца:
правядзенне работ па выяўленні археалагічных аб’ектаў і археалагічных артэфактаў, іх даследванні і захаванні ў парадку, устаноўленым заканадаўствам;
санітарныя высечкі зялёных насаджэнняў.