Официальная правовая информация |
РОЗНАНАКІРАВАНЫЯ ЗМЯНЕННІ САНКЦЫЙ АРТЫКУЛАЎ АСАБЛІВАЙ ЧАСТКІ КРЫМІНАЛЬНАГА КОДЭКСА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ – КРЫНІЦА НЕВЫРАШАЛЬНЫХ ТЭМПАРАЛЬНЫХ КАЛІЗІЙ
СЯРГЕЙЧЫК А.М.
Узмацненне або змякчэнне крымінальнай адказнасці за тую ці іншую злачынную дзею абумоўлена змяненнем ацэнкі заканадаўцам ступені грамадскай небяспекі адпаведнай злачыннай дзеі, якая, у сваю чаргу, дэтэрмінавана характарам развіцця грамадскіх адносін на пэўным гістарычным этапе. Каштоўнасць аб’екта крымінальна-прававой аховы ў грамадскай свядомасці можа павышацца, зніжацца, заставацца нязменнай або страчвацца. Адпаведна, ступень грамадскай небяспекі замаху на дадзены аб’ект будзе павышацца, зніжацца, заставацца нязменнай або страчвацца. Такім чынам, змяненні санкцый артыкулаў у бок узмацнення адказнасці сведчаць аб павышэнні ступені грамадскай небяспекі дзеі, змяненні ў бок змякчэння адказнасці – аб зніжэнні такой небяспекі. І далей: пакінутая без змяненняў санкцыя паказвае, што грамадская небяспека дзеi не змянілася, а адменены артыкул, што дзея страціла грамадскую небяспеку.