Закладки

Официальная правовая информация
Информационно-поисковая система ”ЭТАЛОН-ONLINE“, 28.03.2024
Национальный центр правовой информации Республики Беларусь

ЗАКОН РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ

29 снежня 2012 г. № 8-З

Аб выдавецкай справе

Прыняты Палатай прадстаўнікоў 17 снежня 2012 года
Адобраны Саветам Рэспублікі 20 снежня 2012 года

Изменения и дополнения:

Закон Республики Беларусь от 11 мая 2016 г. № 362-З (Национальный правовой Интернет-портал Республики Беларусь, 17.05.2016, 2/2360);

Закон Республики Беларусь от 17 июля 2023 г. № 283-З (Национальный правовой Интернет-портал Республики Беларусь, 21.07.2023, 2/3003)

 

Гэтым Законам вызначаюцца асновы выдавецкай справы, напрамкі дзяржаўнай палітыкі ў сферы выдавецкай справы, рэгулюецца парадак дзяржаўнай рэгістрацыі, перарэгістрацыі выдаўцоў, вытворцаў і распаўсюджвальнікаў друкаваных выданняў.

ГЛАВА 1
АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННІ

Артыкул 1. Асноўныя тэрміны, якія выкарыстоўваюцца ў гэтым Законе, і іх азначэнні

Для мэт гэтага Закона выкарыстоўваюцца наступныя асноўныя тэрміны і іх азначэнні:

абавязковыя бясплатныя экзэмпляры друкаваных выданняў – экзэмпляры друкаваных выданняў, якія падлягаюць рассылцы выдаўцамі або вытворцамі друкаваных выданняў у парадку, устаноўленым Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь;

ведамаснае выданне – друкаванае выданне, якое змяшчае інфармацыю дапаможнага або часовага характару і звязана з дзейнасцю дзяржаўнага органа, іншай арганізацыі;

выдавец друкаванага выдання (далей – выдавец) – юрыдычная асоба Рэспублікі Беларусь (далей – юрыдычная асоба), замежная арганізацыя пры наяўнасці адкрытага ва ўстаноўленым парадку прадстаўніцтва на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь (далей, калі не вызначана іншае, – прадстаўніцтва замежнай арганізацыі), індывідуальны прадпрымальнік, зарэгістраваны на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь (далей – індывідуальны прадпрымальнік), якія ажыццяўляюць выдавецкую дзейнасць;

выдавецкая дзейнасць – дзейнасць па рэдакцыйна-выдавецкай падрыхтоўцы і выпуску ў свет друкаванага выдання;

выдавецкая справа – комплекс мерапрыемстваў, накіраваных на рэдакцыйна-выдавецкую падрыхтоўку, выраб, выпуск у свет і распаўсюджванне друкаваных выданняў;

выпуск у свет друкаванага выдання – выпуск у абарачэнне тыражу друкаванага выдання;

выраб друкаванага выдання – выраб тыражу друкаванага выдання ў адпаведнасці з арыгінал-макетам друкаванага выдання метадам друкаванага размнажэння, рэльефна-кропкавым метадам (шрыфтам Брайля) пры дапамозе тэхналагічнага, у тым ліку друкарскага, абсталявання, а таксама дадрукарскіх, пераплётна-брашуровачных і аддзелачных працэсаў;

вытворца друкаванага выдання (далей – вытворца) – юрыдычная асоба, прадстаўніцтва замежнай арганізацыі, індывідуальны прадпрымальнік, якія маюць ва ўласнасці, у гаспадарчым веданні, аператыўным кіраванні або на іншай законнай падставе тэхналагічнае, у тым ліку друкарскае, абсталяванне і ажыццяўляюць паліграфічную дзейнасць;

выхадныя звесткі друкаванага выдання – сукупнасць даных, якія характарызуюць друкаванае выданне і прызначаны для інфармавання аб ім, бібліяграфічнай апрацоўкі і ўліку;

дзейнасць па распаўсюджванні друкаванага выдання (далей – распаўсюджванне друкаванага выдання) – продаж, падпіска, іншая форма адчужэння друкаванага выдання;

дзяржаўная бібліяграфія – інфармацыйная інфраструктура, якая забяспечвае падрыхтоўку, распаўсюджванне і выкарыстанне ўніверсальнай бібліяграфічнай інфармацыі аб друкаваных выданнях, выпушчаных у свет на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, на падставе рэгістрацыі саміх друкаваных выданняў;

друкаванае выданне – дакумент, прызначаны для распаўсюджвання змешчанай у ім інфармацыі, які прайшоў рэдакцыйна-выдавецкую падрыхтоўку, паліграфічна самастойна аформлены, выраблены і выпушчаны ў свет;

нацыянальнае кнігавыданне – сукупнасць друкаваных выданняў, выпушчаных у свет на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, і працэсаў выдавецкай справы;

паліграфічная дзейнасць – дзейнасць па вырабе друкаваных выданняў;

план выпуску сацыяльна значных выданняў – дакумент, у якім змешчана інфармацыя аб найменнях, мовах, аб’ёмах і тыражах сацыяльна значных выданняў і іх выдаўцах;

распаўсюджвальнік друкаванага выдання (далей – распаўсюджвальнік) – юрыдычная асоба, прадстаўніцтва замежнай арганізацыі, індывідуальны прадпрымальнік, якія ажыццяўляюць распаўсюджванне друкаванага выдання;

рэдакцыйна-выдавецкая падрыхтоўка друкаванага выдання – рэдакцыйная апрацоўка аўтарскага матэрыялу, яго тэхнічнае і мастацкае рэдагаванне і стварэнне арыгінал-макета друкаванага выдання;

сацыяльна значныя выданні – уключаныя ў план выпуску сацыяльна значных выданняў друкаваныя выданні, якія выпускаюцца ў свет у мэтах выканання заканадаўчых актаў, дзяржаўных і галіновых праграм, у іншых мэтах, у тым ліку друкаваныя выданні, прызначаныя для камплектавання фондаў бібліятэк;

тыраж друкаванага выдання – пэўная колькасць ідэнтычных экзэмпляраў друкаванага выдання, вырабленых у адпаведнасці з арыгінал-макетам друкаванага выдання.

Артыкул 2. Прававое рэгуляванне адносін у сферы выдавецкай справы

1. Адносіны ў сферы выдавецкай справы рэгулююцца заканадаўствам аб выдавецкай справе, а таксама міжнароднымі дагаворамі Рэспублікі Беларусь і міжнародна-прававымі актамі, якія складаюць права Еўразійскага эканамічнага саюза.

2. Заканадаўства аб выдавецкай справе грунтуецца на Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і складаецца з гэтага Закона і іншых актаў заканадаўства.

3. Калі міжнародным дагаворам Рэспублікі Беларусь устаноўлены іншыя правілы, чым тыя, якія прадугледжаны гэтым Законам, то прымяняюцца правілы міжнароднага дагавора.

Артыкул 3. Сфера дзеяння гэтага Закона

1. Дзеянне гэтага Закона распаўсюджваецца на адносіны, якія ўзнікаюць у сферы выдавецкай справы.

2. Дзеянне гэтага Закона не распаўсюджваецца на адносіны, звязаныя з вырабам, і (або) выпускам, і (або) распаўсюджваннем прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі.

Артыкул 4. Дзяржаўная палітыка ў сферы выдавецкай справы

1. Дзяржаўная палітыка ў сферы выдавецкай справы накіравана на:

рэалізацыю канстытуцыйных правоў і свабод грамадзян у галіне атрымання і выкарыстання інфармацыі;

рэгуляванне і развіццё выдавецкай справы з улікам нацыянальных інтарэсаў Рэспублікі Беларусь;

развіццё і падтрымку нацыянальнага кнігавыдання, пашырэнне рынкаў збыту друкаваных выданняў;

развіццё дзяржаўна-прыватнага партнёрства;

стварэнне ўмоў для прыцягнення інвестыцый;

садзейнічанне развіццю міжнароднага супрацоўніцтва.

2. Дзяржава вызначае прыярытэты ў выпуску ў свет сацыяльна значных выданняў.

Артыкул 5. Асноўныя прынцыпы выдавецкай справы

Асноўнымі прынцыпамі выдавецкай справы з’яўляюцца:

гуманізм і арыентацыя на агульначалавечыя каштоўнасці, зацвярджэнне і папулярызацыя нацыянальных каштоўнасцей;

законнасць – інфармацыя, якая змяшчаецца ў друкаваных выданнях, не павінна супярэчыць патрабаванням заканадаўства;

захаванне інфармацыйнай бяспекі;

абарона інтэлектуальнай уласнасці;

самастойнасць выдаўцоў, вытворцаў і распаўсюджвальнікаў.

Артыкул 6. Асноўныя мэты і задачы выдавецкай справы

1. Асноўнымі мэтамі выдавецкай справы з’яўляюцца:

забеспячэнне права на свабоду поглядаў і перакананняў і іх свабоднае выказванне;

задавальненне патрэбнасцей асобы, грамадства, дзяржавы ў друкаваных выданнях;

павышэнне культурнага, інтэлектуальнага і адукацыйнага ўзроўню грамадзян.

2. Асноўнымі задачамі выдавецкай справы з’яўляюцца:

садзейнічанне развіццю інфармацыйнага грамадства;

павышэнне канкурэнтаздольнасці друкаваных выданняў;

выкарыстанне сучасных інфармацыйна-камунікатыўных тэхналогій;

стварэнне ўмоў для самавыяўлення грамадзян у якасці аўтараў твораў;

садзейнічанне папулярызацыі чытання і падтрымка чытання;

наладжванне і развіццё міжнароднага супрацоўніцтва.

Артыкул 7. План выпуску сацыяльна значных выданняў

1. План выпуску сацыяльна значных выданняў фарміруецца і зацвярджаецца Міністэрствам інфармацыі.

Парадак фарміравання Міністэрствам інфармацыі плана выпуску сацыяльна значных выданняў устанаўліваецца Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь.

2. Рэалізацыя плана выпуску сацыяльна значных выданняў ажыццяўляецца выдаўцамі, а кантроль за яго рэалізацыяй – Міністэрствам інфармацыі.

3. Падрыхтоўка і выпуск у свет сацыяльна значных выданняў ажыццяўляюцца з прыцягненнем сродкаў рэспубліканскага бюджэту і (або) іншых сродкаў, не забароненых заканадаўствам.

Артыкул 8. Інфармацыя, распаўсюджванне і (або) прадастаўленне якой абмежавана, і рэклама ў друкаваных выданнях

1. Змяшчэнне ў друкаваных выданнях інфармацыі, распаўсюджванне і (або) прадастаўленне якой абмежавана, ажыццяўляецца ў парадку, устаноўленым заканадаўчымі актамі.

2. Размяшчэнне (распаўсюджванне) у друкаваных выданнях рэкламы ажыццяўляецца ў адпаведнасці з заканадаўствам аб рэкламе.

Артыкул 9. Міжнароднае супрацоўніцтва

Міжнароднае супрацоўніцтва ў сферы выдавецкай справы ажыццяўляецца ў адпаведнасці з заканадаўствам, а таксама з міжнароднымі дагаворамі Рэспублікі Беларусь.

ГЛАВА 2
ДЗЯРЖАЎНАЕ РЭГУЛЯВАННЕ І КІРАВАННЕ Ў СФЕРЫ ВЫДАВЕЦКАЙ СПРАВЫ

Артыкул 10. Ажыццяўленне дзяржаўнага рэгулявання і кіравання ў сферы выдавецкай справы

Дзяржаўнае рэгуляванне і кіраванне ў сферы выдавецкай справы ажыццяўляюцца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь, Міністэрствам інфармацыі і іншымі рэспубліканскімі органамі дзяржаўнага кіравання ў адпаведнасці з іх кампетэнцыяй.

Артыкул 11. Кампетэнцыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у сферы выдавецкай справы

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь у сферы выдавецкай справы:

вызначае адзіную дзяржаўную палітыку;

вызначае ўмовы і парадак аказання дзяржаўнай і іншай падтрымкі выдаўцам, вытворцам і распаўсюджвальнікам, у тым ліку шляхам прыняцця мер эканамічнага стымулявання;

ажыццяўляе іншыя паўнамоцтвы ў адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь і іншымі заканадаўчымі актамі.

Артыкул 12. Кампетэнцыя Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь у сферы выдавецкай справы

Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь у сферы выдавецкай справы:

забяспечвае рэалізацыю адзінай дзяржаўнай палітыкі;

зацвярджае дзяржаўныя праграмы;

каардынуе дзейнасць рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання і іншых арганізацый, падпарадкаваных Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь;

устанаўлівае парадак выдачы дазволу на набыццё друкарскага абсталявання;

устанаўлівае парадак правядзення ацэнкі друкаваных выданняў на прадмет наяўнасці (адсутнасці) у іх інфармацыйных паведамленняў і (або) матэрыялаў, распаўсюджванне якіх здольна нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь;

ажыццяўляе іншыя паўнамоцтвы ў адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, гэтым Законам, іншымі законамі і актамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 13. Кампетэнцыя Міністэрства інфармацыі ў сферы выдавецкай справы

1. Міністэрства інфармацыі з’яўляецца рэспубліканскім органам дзяржаўнага кіравання ў сферы выдавецкай справы.

2. Міністэрства інфармацыі ў сферы выдавецкай справы:

праводзіць адзіную дзяржаўную палітыку;

распрацоўвае і рэалізуе дзяржаўныя і галіновыя праграмы;

ажыццяўляе падрыхтоўку прапаноў па ўдасканаленні заканадаўства і заключэнні міжнародных дагавораў Рэспублікі Беларусь;

прымае нарматыўныя прававыя акты, у тым ліку тэхнічныя нарматыўныя прававыя акты;

ажыццяўляе ў адпаведнасці з заканадаўствам аб кантрольнай (нагляднай) дзейнасці кантроль за выкананнем заканадаўства аб выдавецкай справе;

зацвярджае палажэнне аб Дзяржаўным рэестры выдаўцоў, вытворцаў і распаўсюджвальнікаў друкаваных выданняў (далей – Дзяржаўны рэестр выдаўцоў, вытворцаў і распаўсюджвальнікаў) і вядзе яго;

ажыццяўляе дзяржаўную рэгістрацыю, перарэгістрацыю выдаўцоў, вытворцаў і распаўсюджвальнікаў, выдае пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі выдаўца, вытворцы, распаўсюджвальніка (далей – пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі);

выдае дазвол на набыццё друкарскага абсталявання ў парадку, устаноўленым Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь;

супрацоўнічае з іншымі рэспубліканскімі органамі дзяржаўнага кіравання, мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі, грамадскімі аб’яднаннямі і іншымі арганізацыямі;

ажыццяўляе міжнароднае супрацоўніцтва;

ажыццяўляе іншыя паўнамоцтвы ў адпаведнасці з гэтым Законам і іншымі актамі заканадаўства.

Артыкул 14. Кампетэнцыя іншых рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання ў сферы выдавецкай справы

Іншыя рэспубліканскія органы дзяржаўнага кіравання ўдзельнічаюць у рэалізацыі адзінай дзяржаўнай палітыкі ў сферы выдавецкай справы ў адпаведнасці з іх кампетэнцыяй.

Артыкул 15. Дзяржаўная ўстанова «Нацыянальная кніжная палата Беларусі»

1. Дзяржаўная ўстанова «Нацыянальная кніжная палата Беларусі» (далей – Нацыянальная кніжная палата Беларусі) у сферы выдавецкай справы забяспечвае функцыянаванне сістэмы дзяржаўнай бібліяграфіі.

2. Нацыянальная кніжная палата Беларусі дзейнічае ў адпаведнасці з заканадаўствам, у тым ліку са статутам, зацверджаным Міністэрствам інфармацыі.

3. Нацыянальная кніжная палата Беларусі з’яўляецца:

цэнтрам дзяржаўнай бібліяграфіі і ўліку друкаваных выданняў, выпушчаных у свет на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь;

цэнтрам інфармацыйнай сістэмы дзяржаўнай бібліяграфічнай інфармацыі;

беларускім агенцтвам міжнароднай стандартнай нумарацыі друкаваных выданняў;

дзяржаўным фондасховішчам абавязковых бясплатных экзэмпляраў друкаваных выданняў.

4. Нацыянальная кніжная палата Беларусі выконвае наступныя асноўныя функцыі:

ажыццяўляе бібліяграфічную апрацоўку друкаваных выданняў, у тым ліку прысвойвае кожнаму друкаванаму выданню (групе друкаваных выданняў) нумар дзяржаўнай бібліяграфічнай рэгістрацыі;

вядзе ўлік друкаваных выданняў, выпушчаных у свет на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, фарміруе сістэму колькасных паказчыкаў выдавецкай дзейнасці;

ажыццяўляе арганізацыйна-метадычнае забеспячэнне функцыянавання і развіцця сістэмы дзяржаўнай бібліяграфіі;

фарміруе і вядзе інфармацыйную сістэму дзяржаўнай бібліяграфічнай інфармацыі, іншыя інфармацыйна-бібліяграфічныя рэсурсы ў сферы выдавецкай справы;

ажыццяўляе распаўсюджванне дзяржаўнай бібліяграфічнай інфармацыі;

складае і выпускае ў свет дзяржаўныя бібліяграфічныя паказальнікі;

фарміруе і пастаянна захоўвае дзяржаўны фонд абавязковых бясплатных экзэмпляраў друкаваных выданняў;

прысвойвае міжнародныя стандартныя нумары друкаваным выданням, выпушчаным у свет на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь;

прымае ўдзел у рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі ў сферы выдавецкай справы, у тым ліку ў сферы тэхнічнага нарміравання і стандартызацыі выдавецкай справы;

аказвае інфармацыйныя паслугі, кансультацыйную і метадычную дапамогу па пытаннях выдавецкай справы ў межах сваёй кампетэнцыі;

прымае ўдзел у арганізацыі і ажыццяўленні міждзяржаўнага абмену дзяржаўнай бібліяграфічнай інфармацыяй.

5. Нацыянальная кніжная палата Беларусі фінансуецца за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту.

6. Маёмасць Нацыянальнай кніжнай палаты Беларусі знаходзіцца ва ўласнасці Рэспублікі Беларусь і належыць гэтай установе на праве аператыўнага кіравання.

Сродкі, атрыманыя ад дзейнасці, якая прыносіць даходы, пасля падаткаабкладання выкарыстоўваюцца Нацыянальнай кніжнай палатай Беларусі на забеспячэнне яе функцыянавання і развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы ў адпаведнасці з заканадаўствам.

ГЛАВА 3
АБ’ЕКТ І СУБ’ЕКТЫ ВЫДАВЕЦКАЙ СПРАВЫ. ПРАВЫ І АБАВЯЗКІ ВЫДАЎЦОЎ, ВЫТВОРЦАЎ І РАСПАЎСЮДЖВАЛЬНІКАЎ

Артыкул 16. Аб’ект і суб’екты выдавецкай справы

1. Аб’ектам выдавецкай справы з’яўляюцца друкаваныя выданні.

2. Па мэтавым прызначэнні друкаваныя выданні падзяляюцца на афіцыйныя, навуковыя, навукова-папулярныя, вытворча-практычныя, вучэбныя, масава-палітычныя, даведачныя, літаратурна-мастацкія, для вольнага часу, інфармацыйныя, духоўна-асветныя, рэкламныя. Від (віды) друкаваных выданняў па мэтавым прызначэнні ўказваецца ў пасведчанні аб дзяржаўнай рэгістрацыі.

Класіфікацыя друкаваных выданняў па іншых прыкметах, іх тэрміны і азначэнні вызначаюцца заканадаўствам.

3. Суб’ектамі выдавецкай справы з’яўляюцца выдаўцы, вытворцы і распаўсюджвальнікі.

Артыкул 17. Правы і абавязкі выдаўцоў, вытворцаў і распаўсюджвальнікаў

1. Выдаўцы, вытворцы і распаўсюджвальнікі маюць права:

самастойна фарміраваць свае вытворчыя планы і вызначаць маштабы сваёй дзейнасці;

устанаўліваць творчыя, вытворчыя і культурныя адносіны з іншымі выдаўцамі, вытворцамі і распаўсюджвальнікамі;

прымаць удзел у нацыянальных і міжнародных конкурсах, выстаўках, кірмашах;

маюць іншыя правы, прадугледжаныя гэтым Законам і іншымі актамі заканадаўства.

Распаўсюджвальнікі, акрамя правоў, прадугледжаных часткай першай гэтага пункта, маюць права для распаўсюджвання друкаванага выдання, выпушчанага ў свет за межамі тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, якое не мае знака ўзроставай катэгорыі, што прысвойваецца ў парадку і ў адпаведнасці з крытэрыямі, устаноўленымі Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь, самастойна прысвоіць яму такі знак.

2. Выдаўцы, вытворцы і распаўсюджвальнікі абавязаны:

ажыццяўляць сваю дзейнасць у адпаведнасці з заканадаўствам;

выконваць умовы добрасумленнай канкурэнцыі;

садзейнічаць задавальненню патрэбнасцей асобы, грамадства, дзяржавы ў друкаваных выданнях;

садзейнічаць зацвярджэнню гуманізму, папулярызацыі агульначалавечых і нацыянальных каштоўнасцей, развіццю нацыянальнай культуры, адукацыі і навукі і адносіцца з павагай да нацыянальнай годнасці, традыцый і культуры ўсіх народаў;

выконваць іншыя абавязкі, прадугледжаныя гэтым Законам і іншымі актамі заканадаўства, у тым ліку тэхнічнымі нарматыўнымі прававымі актамі.

Выдаўцы, акрамя абавязкаў, прадугледжаных часткай першай гэтага пункта, падчас рэдакцыйна-выдавецкай падрыхтоўкі друкаванага выдання абавязаны ў парадку і ў адпаведнасці з крытэрыямі, устаноўленымі Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь, прысвоіць яму знак узроставай катэгорыі, за выключэннем выпадкаў, калі наяўнасць такога знака з’яўляецца неабавязковай у адпаведнасці з артыкулам 171 гэтага Закона.

Артыкул 171. Асаблівасці распаўсюджвання друкаваных выданняў

Распаўсюджванне друкаваных выданняў, у тым ліку выпушчаных у свет за межамі тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, без знака ўзроставай катэгорыі, што прысвойваецца ў парадку і ў адпаведнасці з крытэрыямі, устаноўленымі Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь, забараняецца, за выключэннем:

ведамасных друкаваных выданняў;

друкаваных выданняў, якія маюць значную гістарычную, мастацкую і (або) іншую каштоўнасць для грамадства;

друкаваных выданняў афіцыйнага, навуковага, вытворча-практычнага, масава-палітычнага, інфармацыйнага, духоўна-асветнага і рэкламнага характару, а таксама вучэбных выданняў, афiцыйна зацверджаных або дапушчаных у якасці адпаведнага віду вучэбнага выдання Міністэрствам адукацыi.

Артыкул 18. Рассылка абавязковых бясплатных экзэмпляраў друкаваных выданняў

Выдаўцы або вытворцы на працягу дзесяці дзён пасля выпуску ў свет першай партыі тыражу друкаваных выданняў, у тым ліку друкаваных выданняў, для выпуску ў свет ці вырабу якіх выдаўцам або вытворцам не патрабуецца дзяржаўнай рэгістрацыі ў Міністэрстве інфармацыі (далей – дзяржаўная рэгістрацыя), рассылаюць абавязковыя бясплатныя экзэмпляры друкаваных выданняў у парадку, устаноўленым Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь.

ГЛАВА 4
АСАБЛІВАСЦІ ВЫРАБУ І ВЫПУСКУ Ў СВЕТ ДРУКАВАНЫХ ВЫДАННЯЎ

Артыкул 19. Прыняцце заказу на выраб друкаванага выдання

Прыняцце вытворцам заказу на выраб друкаванага выдання ад асобы, якая падлягае дзяржаўнай рэгістрацыі ў якасці выдаўца ў парадку, устаноўленым гэтым Законам, і не мае пасведчання аб дзяржаўнай рэгістрацыі, або ад выдаўца, у пасведчанні аб дзяржаўнай рэгістрацыі якога не ўказаны той від (віды) друкаванага выдання, на выраб якога размяшчаецца заказ, не дапускаецца.

Артыкул 20. Дазвол на набыццё друкарскага абсталявання. Тэхнічная дакументацыя на друкаваныя выданні

1. Вытворцы набываюць друкарскае абсталяванне пры наяўнасці дазволу, які выдаецца Міністэрствам інфармацыі ў парадку, устаноўленым Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь.

2. Вытворцы пры вырабе друкаваных выданняў афармляюць тэхнічную дакументацыю, якая дазваляе вызначыць від і тыраж друкаваных выданняў.

Выраб друкаваных выданняў без афармлення тэхнічнай дакументацыі не дапускаецца.

Артыкул 21. Выхадныя звесткі друкаваных выданняў

1. Кожны экзэмпляр друкаванага выдання павінен змяшчаць выхадныя звесткі. На падставе выхадных звестак вызначаецца яго прыналежнасць да друкаваных выданняў, выпушчаных у свет на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.

Склад, пералік і размяшчэнне выхадных звестак у залежнасці ад віду друкаванага выдання вызначаюцца актамі заканадаўства.

2. Выпуск у свет друкаваных выданняў без выхадных звестак або з недакладнымі і (або) няпоўнымі выхаднымі звесткамі не дапускаецца.

ГЛАВА 5
ПАРАДАК ДЗЯРЖАЎНАЙ РЭГІСТРАЦЫІ, ПЕРАРЭГІСТРАЦЫІ ВЫДАЎЦОЎ, ВЫТВОРЦАЎ І РАСПАЎСЮДЖВАЛЬНІКАЎ. ДЗЯРЖАЎНЫ РЭЕСТР ВЫДАЎЦОЎ, ВЫТВОРЦАЎ І РАСПАЎСЮДЖВАЛЬНІКАЎ

Артыкул 22. Дзяржаўная рэгістрацыя выдаўцоў, вытворцаў і распаўсюджвальнікаў

1. Юрыдычныя асобы, прадстаўніцтвы замежных арганізацый, індывідуальныя прадпрымальнікі, якія плануюць ажыццяўляць выдавецкую дзейнасць, паліграфічную дзейнасць, распаўсюджванне друкаваных выданняў, падлягаюць дзяржаўнай рэгістрацыі ў якасці адпаведна выдаўца, вытворцы, распаўсюджвальніка ў парадку, устаноўленым гэтым Законам, за выключэннем выпадкаў, указаных у пункце 2 гэтага артыкула.

Выдаўцы, вытворцы і распаўсюджвальнікі лічацца зарэгістраванымі з дня ўключэння іх у Дзяржаўны рэестр выдаўцоў, вытворцаў і распаўсюджвальнікаў.

2. Не падлягаюць дзяржаўнай рэгістрацыі:

выдаўцы, якія ажыццяўляюць дзейнасць па рэдакцыйна-выдавецкай падрыхтоўцы і выпуску ў свет ведамасных выданняў, пералік якіх зацвярджаецца Міністэрствам інфармацыі;

выдаўцы, якія ажыццяўляюць дзейнасць па рэдакцыйна-выдавецкай падрыхтоўцы і выпуску ў свет рэкламных выданняў;

юрыдычныя і фізічныя асобы, у тым ліку індывідуальныя прадпрымальнікі, якія выконваюць частку рэдакцыйна-выдавецкай падрыхтоўкі друкаваных выданняў у рамках заключанага з выдаўцом дагавора;

вытворцы, якія ажыццяўляюць дзейнасць па вырабе друкаваных выданняў пры дапамозе капіравальных апаратаў, прынтараў, плотараў, лічбавых дуплікатараў (рызографаў), іншага друкарскага абсталявання, на набыццё якіх не патрабуецца атрымання дазволу;

вытворцы, якія ажыццяўляюць паасобна дадрукарскія, пераплётна-брашуровачныя і аддзелачныя працэсы;

распаўсюджвальнікі, якія ажыццяўляюць распаўсюджванне ведамасных выданняў;

дзяржаўныя органы, іншыя арганізацыі, якія распаўсюджваюць друкаваныя выданні на бязвыплатнай аснове з культурнай, адукацыйнай, навуковай, духоўна-асветніцкай, дабрачыннай або рэкламнай мэтамі;

іншыя арганізацыі ў выпадках, прадугледжаных заканадаўчымі актамі.

3. На асоб, вызначаных пунктам 2 гэтага артыкула, распаўсюджваецца дзеянне гэтага Закона, за выключэннем норм, якія змяшчаюць патрабаванні аб дзяржаўнай рэгістрацыі.

4. Дакументам, які пацвярджае дзяржаўную рэгістрацыю заяўніка ў якасці выдаўца, вытворцы і распаўсюджвальніка, з’яўляецца пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі.

5. За дзяржаўную рэгістрацыю выдаўца, вытворцы і распаўсюджвальніка спаганяецца дзяржаўная пошліна, памер якой вызначаецца заканадаўчымі актамі.

Артыкул 23. Рэгістрацыйныя патрабаванні

1. Для дзяржаўнай рэгістрацыі выдаўца і ажыццяўлення ім выдавецкай дзейнасці неабходна:

для юрыдычнай асобы, прадстаўніцтва замежнай арганізацыі – наяўнасць у штаце юрыдычнай асобы, прадстаўніцтва замежнай арганізацыі спецыяліста, адказнага за ажыццяўленне выдавецкай дзейнасці, які мае вышэйшую адукацыю і здаў кваліфікацыйны экзамен у парадку, устаноўленым Міністэрствам інфармацыі;

для індывідуальнага прадпрымальніка – наяўнасць у індывідуальнага прадпрымальніка вышэйшай адукацыі і здача ім кваліфікацыйнага экзамену ў парадку, устаноўленым Міністэрствам інфармацыі, або наяўнасць у індывідуальнага прадпрымальніка прыцягнутага ім ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку спецыяліста, адказнага за ажыццяўленне выдавецкай дзейнасці, які мае вышэйшую адукацыю і здаў кваліфікацыйны экзамен у парадку, устаноўленым Міністэрствам інфармацыі.

2. Для дзяржаўнай рэгістрацыі вытворцы і ажыццяўлення ім паліграфічнай дзейнасці неабходна:

для юрыдычнай асобы, прадстаўніцтва замежнай арганізацыі – наяўнасць у штаце юрыдычнай асобы, прадстаўніцтва замежнай арганізацыі спецыяліста, адказнага за ажыццяўленне паліграфічнай дзейнасці, які мае вышэйшую адукацыю ў галіне паліграфіі і для якога работа ў гэтага наймальніка з’яўляецца асноўным месцам работы;

для індывідуальнага прадпрымальніка – наяўнасць у індывідуальнага прадпрымальніка вышэйшай адукацыі ў галіне паліграфіі або наяўнасць у індывідуальнага прадпрымальніка прыцягнутага ім ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку спецыяліста, адказнага за ажыццяўленне паліграфічнай дзейнасці, які мае вышэйшую адукацыю ў галіне паліграфіі і для якога работа ў гэтага наймальніка з’яўляецца асноўным месцам работы.

21. Выдавец, вытворца ў выпадку спынення выканання абавязкаў спецыялістам, адказным за ажыццяўленне адпаведна выдавецкай дзейнасці, паліграфічнай дзейнасці, абавязаны на працягу месяца назначыць іншага спецыяліста, адказнага за ажыццяўленне адпаведна выдавецкай дзейнасці, паліграфічнай дзейнасці.

3. Для дзяржаўнай рэгістрацыі выдаўцоў, вытворцаў і распаўсюджвальнікаў у Міністэрства інфармацыі заяўнікам або яго паўнамоцным прадстаўніком падаецца заява аб дзяржаўнай рэгістрацыі (перарэгістрацыі) па форме, устаноўленай Міністэрствам інфармацыі (далей, калі не вызначана іншае, – заява).

4. Разам з заявай прадстаўляюцца:

дакумент або копія дакумента, якія пацвярджаюць асобу заяўніка або яго паўнамоцнага прадстаўніка;

дакумент або копія дакумента, якія пацвярджаюць паўнамоцтвы прадстаўніка заяўніка;

дакумент або копія дакумента, якія пацвярджаюць службовае становішча кіраўніка юрыдычнай асобы, – для юрыдычнай асобы;

дакумент або копія дакумента, якія пацвярджаюць дзяржаўную рэгістрацыю юрыдычнай асобы, індывідуальнага прадпрымальніка, – для юрыдычнай асобы, індывідуальнага прадпрымальніка;

выпіска з гандлёвага рэестра краіны, у якой заснавана замежная арганізацыя, або іншы эквівалентны доказ юрыдычнага статусу замежнай арганізацыі ў адпаведнасці з заканадаўствам краіны яе заснавання – для прадстаўніцтва замежнай арганізацыі;

дакумент, які пацвярджае выплату дзяржаўнай пошліны за дзяржаўную рэгістрацыю, калі іншае не прадугледжана заканадаўствам аб адміністрацыйных працэдурах.

5. Для дзяржаўнай рэгістрацыі выдаўца і ажыццяўлення ім выдавецкай дзейнасці разам з заявай акрамя дакументаў, указаных у пункце 4 гэтага артыкула, прадстаўляюцца:

копія дакумента аб назначэнні спецыяліста, адказнага за ажыццяўленне выдавецкай дзейнасці;

копія дакумента, які пацвярджае наяўнасць у індывідуальнага прадпрымальніка або ў спецыяліста, адказнага за ажыццяўленне выдавецкай дзейнасці, вышэйшай адукацыі.

6. Для дзяржаўнай рэгістрацыі вытворцы і ажыццяўлення ім паліграфічнай дзейнасці разам з заявай акрамя дакументаў, указаных у пункце 4 гэтага артыкула, прадстаўляюцца:

копія дакумента аб назначэнні спецыяліста, адказнага за ажыццяўленне паліграфічнай дзейнасці;

копія дакумента, які пацвярджае наяўнасць у індывідуальнага прадпрымальніка або ў спецыяліста, адказнага за ажыццяўленне паліграфічнай дзейнасці, вышэйшай адукацыі ў галіне паліграфіі;

дакумент або копія дакумента, якія пацвярджаюць, што асноўным месцам работы спецыяліста, адказнага за ажыццяўленне паліграфічнай дзейнасці, з’яўляецца работа ў гэтага наймальніка – юрыдычнай асобы, прадстаўніцтва замежнай арганізацыі, індывідуальнага прадпрымальніка;

пералік устаноўленага (плануемага да ўстаноўкі) тэхналагічнага, у тым ліку друкарскага, абсталявання;

праект планіроўкі вытворчасці з тлумачальнай запіскай да яго.

7. Пры неабходнасці Міністэрства інфармацыі можа запатрабаваць у рэгістрацыйнага органа копіі ўстаноўчых дакументаў юрыдычнай асобы.

Рэгістрацыйны орган павінен на працягу сямі рабочых дзён з дня атрымання запыту прадставіць у Міністэрства інфармацыі копіі ўстаноўчых дакументаў юрыдычнай асобы.

Заяўнік або яго паўнамоцны прадстаўнік могуць самастойна прадставіць дакументы, прадугледжаныя часткай першай гэтага пункта.

8. Падача заявы ажыццяўляецца ў парадку, устаноўленым заканадаўствам аб адміністрацыйных працэдурах.

Артыкул 24. Дзяржаўная перарэгістрацыя выдаўцоў, вытворцаў і распаўсюджвальнікаў

1. Дзяржаўная перарэгістрацыя ў Міністэрстве інфармацыі (далей – дзяржаўная перарэгістрацыя) выдаўцоў, вытворцаў і распаўсюджвальнікаў ажыццяўляецца ў парадку, устаноўленым артыкулам 23 гэтага Закона, і з улікам асаблівасцей, прадугледжаных пунктамі 2 і 3 гэтага артыкула, у выпадку:

змянення наймення юрыдычнай асобы, прадстаўніцтва замежнай арганізацыі, прозвішча, уласнага імя і імя па бацьку (пры яго наяўнасці) індывідуальнага прадпрымальніка;

рэарганізацыі юрыдычнай асобы, за выключэннем рэарганізацыі юрыдычнай асобы ў форме зліцця, раздзялення і выдзялення з яе складу адной або некалькіх юрыдычных асоб;

змянення і (або) дапаўнення віду (відаў) друкаваных выданняў, які ўказаны ў пасведчанні аб дзяржаўнай рэгістрацыі, – для выдаўцоў;

замены спецыяліста, адказнага за ажыццяўленне выдавецкай дзейнасці, паліграфічнай дзейнасці, – адпаведна для выдаўцоў, вытворцаў.

2. Заява па падставах, прадугледжаных абзацамі другім, трэцім і пятым пункта 1 гэтага артыкула, і прадстаўленыя разам з ёй у адпаведнасці з пунктамі 4–6 артыкула 23 гэтага Закона дакументы падаюцца ў месячны тэрмін з дня ўзнікнення такіх падстаў.

Месячны тэрмін для падачы заявы вылічваецца з дня дзяржаўнай рэгістрацыі змяненняў і (або) дапаўненняў, якія ўносяцца ва ўстаноўчыя дакументы юрыдычнай асобы, у пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі індывідуальнага прадпрымальніка, а па падставе, прадугледжанай абзацам пятым пункта 1 гэтага артыкула, – з дня назначэння іншага спецыяліста, адказнага за ажыццяўленне выдавецкай дзейнасці, паліграфічнай дзейнасці.

На працягу тэрміну, прадугледжанага гэтым артыкулам для падачы заявы, і тэрміну яе разгляду, прадугледжанага артыкулам 26 гэтага Закона, заяўнік мае права ажыццяўляць выдавецкую дзейнасць, паліграфічную дзейнасць або распаўсюджванне друкаваных выданняў на падставе раней выдадзенага пасведчання аб дзяржаўнай рэгістрацыі.

3. Выпуск у свет друкаваных выданняў, від (віды) якіх не ўказаны ў пасведчанні аб дзяржаўнай рэгістрацыі, ажыццяўляецца толькі пасля дзяржаўнай перарэгістрацыі выдаўца па падставе, прадугледжанай абзацам чацвёртым пункта 1 гэтага артыкула.

4. Дакументам, які пацвярджае дзяржаўную перарэгістрацыю выдаўца, вытворцы і распаўсюджвальніка, з’яўляецца пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі.

5. За дзяржаўную перарэгістрацыю выдаўца, вытворцы і распаўсюджвальніка спаганяецца дзяржаўная пошліна, памер якой вызначаецца заканадаўчымі актамі.

Артыкул 25. Рашэнне аб адмове ў прыняцці заявы. Падставы для адмовы ў прыняцці заявы

1. Рашэнне аб адмове ў прыняцці заявы прымаецца Міністэрствам інфармацыі на працягу трох рабочых дзён з дня падачы заявы.

2. Падставамі для адмовы ў прыняцці заявы з’яўляюцца:

падача заявы з парушэннем патрабаванняў да яе формы або зместу;

адсутнасць дакументаў, прадугледжаных пунктамі 4–6 артыкула 23 гэтага Закона;

падача заявы да заканчэння дванаццаці месяцаў з дня прыняцця рашэння аб спыненні дзеяння пасведчання аб дзяржаўнай рэгістрацыі па падставах, прадугледжаных абзацамі другім, пятым, сёмым, дзявятым–трынаццатым пункта 2 артыкула 33 гэтага Закона;

іншыя падставы, прадугледжаныя заканадаўчымі актамі.

3. Паведамленне аб прынятым рашэнні, абскарджанне прынятага рашэння, а таксама вяртанне прадстаўленых дакументаў ажыццяўляюцца ў парадку, устаноўленым заканадаўствам аб адміністрацыйных працэдурах.

Артыкул 26. Рашэнне аб дзяржаўнай рэгістрацыі, перарэгістрацыі або аб адмове ў дзяржаўнай рэгістрацыі, перарэгістрацыі. Падставы для адмовы ў дзяржаўнай рэгістрацыі, перарэгістрацыі

1. Рашэнне аб дзяржаўнай рэгістрацыі, перарэгістрацыі або аб адмове ў дзяржаўнай рэгістрацыі, перарэгістрацыі выдаўца, вытворцы і распаўсюджвальніка прымаецца Міністэрствам інфармацыі на працягу месячнага тэрміну з дня падачы заявы і дакументаў, прадугледжаных пунктамі 4–6 артыкула 23 гэтага Закона.

2. Падставамі для адмовы ў дзяржаўнай рэгістрацыі, перарэгістрацыі з’яўляюцца:

недакладнасць або несапраўднасць звестак, указаных у заяве;

неадпаведнасць прадстаўленых дакументаў і (або) звестак патрабаванням заканадаўства, у тым ліку прадстаўленне падложных, падробленых або несапраўдных дакументаў;

няздача індывідуальным прадпрымальнікам або спецыялістам, адказным за ажыццяўленне выдавецкай дзейнасці, кваліфікацыйнага экзамену ў парадку, устаноўленым Міністэрствам інфармацыі, – для выдаўцоў;

іншыя падставы, прадугледжаныя заканадаўчымі актамі і пастановамі Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь.

3. Паведамленне аб прынятым рашэнні, абскарджанне прынятага рашэння ажыццяўляюцца ў парадку, устаноўленым заканадаўствам аб адміністрацыйных працэдурах.

Артыкул 27. Пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі. Выдача дубліката пасведчання аб дзяржаўнай рэгістрацыі

1. Форма пасведчання аб дзяржаўнай рэгістрацыі і парадак яго выдачы ўстанаўліваюцца Міністэрствам інфармацыі.

2. У выпадку страты пасведчання аб дзяржаўнай рэгістрацыі выдаўцу, вытворцу і распаўсюджвальніку выдаецца яго дублікат.

Для атрымання дубліката пасведчання аб дзяржаўнай рэгістрацыі выдавец, вытворца і распаўсюджвальнік або іх паўнамоцны прадстаўнік абавязаны прадставіць у Міністэрства інфармацыі:

заяву аб атрыманні дубліката пасведчання аб дзяржаўнай рэгістрацыі;

дакумент, які пацвярджае выплату дзяржаўнай пошліны за выдачу дубліката пасведчання аб дзяржаўнай рэгістрацыі ў памеры, вызначаным заканадаўчымі актамі.

3. Да моманту выдачы дубліката пасведчання аб дзяржаўнай рэгістрацыі дзеянне пасведчання аб дзяржаўнай рэгістрацыі не прыпыняецца.

Артыкул 28. Дзяржаўны рэестр выдаўцоў, вытворцаў і распаўсюджвальнікаў. Унясенне змяненняў у Дзяржаўны рэестр выдаўцоў, вытворцаў і распаўсюджвальнікаў і выключэнне з Дзяржаўнага рэестра выдаўцоў, вытворцаў і распаўсюджвальнікаў

1. Дзяржаўны рэестр выдаўцоў, вытворцаў і распаўсюджвальнікаў з’яўляецца адзіным банкам даных, у якім змяшчаюцца звесткі аб выдаўцах, вытворцах і распаўсюджвальніках, у адносінах да якіх прынята рашэнне аб дзяржаўнай рэгістрацыі.

2. Палажэнне аб Дзяржаўным рэестры выдаўцоў, вытворцаў і распаўсюджвальнікаў, а таксама пералік звестак, якія падлягаюць уключэнню ў гэты рэестр, зацвярджаюцца Міністэрствам інфармацыі.

3. Пры змяненні звестак, якія падлягаюць уключэнню ў Дзяржаўны рэестр выдаўцоў, вытворцаў і распаўсюджвальнікаў і пералік якіх зацвярджаецца Міністэрствам інфармацыі, за выключэннем выпадкаў, указаных у пункце 1 артыкула 24 гэтага Закона, выдавец, вытворца і распаўсюджвальнік або іх паўнамоцны прадстаўнік у месячны тэрмін з дня змянення звестак пісьмова паведамляюць аб гэтым у Міністэрства інфармацыі з прадстаўленнем дакументаў, што пацвярджаюць адпаведныя змяненні.

4. У выпадку, калі асобы, указаныя ў пункце 3 гэтага артыкула, прадставілі недакладныя або несапраўдныя звесткі, якія падлягаюць уключэнню ў Дзяржаўны рэестр выдаўцоў, вытворцаў і распаўсюджвальнікаў і пералік якіх зацвярджаецца Міністэрствам інфармацыі, ці прадставілі падложныя, падробленыя або несапраўдныя дакументы, што пацвярджаюць змяненне гэтых звестак, Міністэрства інфармацыі на працягу трох рабочых дзён з дня атрымання пісьмовага паведамлення вяртае прадстаўленыя дакументы, якія лічацца непрадстаўленымі.

5. Выдаўцы, вытворцы і распаўсюджвальнікі падлягаюць выключэнню з Дзяржаўнага рэестра выдаўцоў, вытворцаў і распаўсюджвальнікаў у выпадку спынення дзеяння пасведчання аб дзяржаўнай рэгістрацыі.

6. Інфармацыя аб выдаўцах, вытворцах і распаўсюджвальніках, уключаных у Дзяржаўны рэестр выдаўцоў, вытворцаў і распаўсюджвальнікаў, размяшчаецца на афіцыйным сайце Міністэрства інфармацыі ў глабальнай камп’ютарнай сетцы Інтэрнэт.

Артыкул 29. Прызнанне дзяржаўнай рэгістрацыі, перарэгістрацыі несапраўднымі

Дзяржаўная рэгістрацыя, перарэгістрацыя могуць быць прызнаны рашэннем суда несапраўднымі ў выпадку, калі яны праведзены з парушэннем патрабаванняў гэтага Закона і (або) іншых заканадаўчых актаў.

ГЛАВА 6
АДКАЗНАСЦЬ ЗА ПАРУШЭННЕ ЗАКАНАДАЎСТВА АБ ВЫДАВЕЦКАЙ СПРАВЕ

Артыкул 30. Адказнасць за парушэнне заканадаўства аб выдавецкай справе

Парушэнне заканадаўства аб выдавецкай справе цягне за сабой адказнасць у адпаведнасці з заканадаўчымі актамі.

Артыкул 31. Адказнасць выдаўцоў, вытворцаў і распаўсюджвальнікаў за ажыццяўленне выдавецкай дзейнасці, паліграфічнай дзейнасці і распаўсюджвання друкаваных выданняў без дзяржаўнай рэгістрацыі

1. Ажыццяўленне выдавецкай дзейнасці, паліграфічнай дзейнасці і распаўсюджвання друкаваных выданняў адпаведна выдаўцамі, вытворцамі і распаўсюджвальнікамі, якія падлягаюць дзяржаўнай рэгістрацыі, без дзяржаўнай рэгістрацыі забараняецца.

2. Выдаўцы, вытворцы і распаўсюджвальнікі, указаныя ў пункце 1 гэтага артыкула, за ажыццяўленне адпаведна выдавецкай дзейнасці, паліграфічнай дзейнасці і распаўсюджвання друкаваных выданняў без дзяржаўнай рэгістрацыі нясуць адказнасць у адпаведнасці з заканадаўчымі актамі.

Артыкул 32. Прыпыненне дзеяння пасведчання аб дзяржаўнай рэгістрацыі

1. Дзеянне пасведчання аб дзяржаўнай рэгістрацыі можа прыпыняцца Міністэрствам інфармацыі на тэрмін да трох месяцаў у выпадку, калі:

выдавец, вытворца і распаўсюджвальнік у тэрмін, прадугледжаны пунктам 3 артыкула 28 гэтага Закона, не паведамілі ў Міністэрства інфармацыі аб змяненні звестак, якія падлягаюць уключэнню ў Дзяржаўны рэестр выдаўцоў, вытворцаў і распаўсюджвальнікаў і пералік якіх зацвярджаецца Міністэрствам інфармацыі;

выдавец выпусціў у свет друкаваныя выданні без выхадных звестак або з недакладнымі і (або) няпоўнымі выхаднымі звесткамі;

выдавец не прысвоіў друкаванаму выданню знак узроставай катэгорыі ў парадку і ў адпаведнасці з крытэрыямі, устаноўленымі Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь, калі наяўнасць такога знака з’яўляецца абавязковай;

выдавец, вытворца не выканалі парадак рассылкі абавязковага бясплатнага экзэмпляра друкаваных выданняў;

вытворца вырабіў друкаваныя выданні без афармлення тэхнічнай дакументацыі, якая дазваляе вызначыць від і тыраж друкаваных выданняў;

вытворца вырабіў друкаваныя выданні, якія не адпавядаюць тэхнічным нарматыўным прававым актам у сферы выдавецкай справы;

у судовым парадку ўстаноўлены факт парушэння выдаўцом, вытворцам і распаўсюджвальнікам заканадаўства аб аўтарскім праве і сумежных правах;

распаўсюджвальнік на працягу дванаццаці месяцаў неаднаразова (два і больш разы) распаўсюдзіў друкаванае выданне, выпушчанае ў свет за межамі тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, без знака ўзроставай катэгорыі, што прысвойваецца ў парадку і ў адпаведнасці з крытэрыямі, устаноўленымі Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь, калі наяўнасць такога знака з’яўляецца абавязковай;

выдавец выпусціў у свет друкаваныя выданні, што змяшчаюць звесткі, якія не адпавядаюць рэчаіснасці і ганьбяць гонар, годнасць ці дзелавую рэпутацыю фізічных асоб або дзелавую рэпутацыю юрыдычных асоб і прызнаны такімі рашэннем суда, якое ўступіла ў законную сілу;

выдавец выпусціў у свет друкаваныя выданні, што змяшчаюць інфармацыю, распаўсюджванне якой забаронена заканадаўчымі актамі, у тым ліку ў сродках масавай інфармацыі, за выключэннем выпадкаў, указаных у абзацах дзясятым–дванаццатым пункта 2 артыкула 33 гэтага Закона;

распаўсюджвальнік ажыццяўляе распаўсюджванне друкаваных выданняў, указаных у абзацах дзясятым і адзінаццатым гэтай часткі, за выключэннем выпадку, указанага ў абзацы трынаццатым пункта 2 артыкула 33 гэтага Закона.

Дзеянне пасведчання аб дзяржаўнай рэгістрацыі можа прыпыняцца Міністэрствам інфармацыі на тэрмін правядзення ацэнкі або экспертызы друкаваных выданняў (у адносінах да выдаўцоў, якія ажыццявілі выпуск гэтых друкаваных выданняў) у выпадку, калі Міністэрства інфармацыі накіравала іх у:

Рэспубліканскую камісію па правядзенні ацэнкі сімволікі, атрыбутыкі, інфармацыйнай прадукцыі (далей – Рэспубліканская камісія) – для правядзення ацэнкі друкаваных выданняў на прадмет наяўнасці (адсутнасці) у іх інфармацыйных паведамленняў і (або) матэрыялаў, распаўсюджванне якіх здольна нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь;

Рэспубліканскую камісію або адпаведную абласную (Мінскую гарадскую) камісію – для правядзення ацэнкі друкаваных выданняў на прадмет наяўнасці (адсутнасці) у іх прыкмет праяўлення экстрэмізму;

Рэспубліканскую экспертную камісію па прадухіленні прапаганды парнаграфіі, насілля і жорсткасці – для правядзення экспертызы друкаваных выданняў на прадмет наяўнасці (адсутнасці) у іх элементаў прапаганды парнаграфіі, насілля і жорсткасці.

У выпадку ажыццяўлення распаўсюджвальнікам распаўсюджвання друкаваных выданняў, якія накіраваны Міністэрствам інфармацыі ў камісіі, указаныя ў абзацах другім–чацвёртым часткі другой гэтага пункта, дзеянне яго пасведчання аб дзяржаўнай рэгістрацыі можа прыпыняцца Міністэрствам інфармацыі на тэрмін правядзення ацэнкі або экспертызы гэтых друкаваных выданняў.

2. Паведамленне аб прыпыненні дзеяння пасведчання аб дзяржаўнай рэгістрацыі накіроўваецца выдаўцу, вытворцу і распаўсюджвальніку ў пісьмовай форме на працягу трох рабочых дзён з дня прыняцця рашэння з указаннем прычын, тэрміну прыпынення дзеяння пасведчання аб дзяржаўнай рэгістрацыі, а ў выпадках, указаных у частцы першай пункта 1 гэтага артыкула, – таксама тэрміну ўстаранення парушэнняў, якія сталі падставай для прыпынення дзеяння пасведчання аб дзяржаўнай рэгістрацыі. Адначасова на афіцыйным сайце Міністэрства інфармацыі ў глабальнай камп’ютарнай сетцы Інтэрнэт размяшчаецца інфармацыя аб выдаўцах, вытворцах і распаўсюджвальніках, у адносінах да якіх прынята рашэнне аб прыпыненні дзеяння пасведчання аб дзяржаўнай рэгістрацыі.

3. У сувязі з прыняццем рашэння аб прыпыненні дзеяння пасведчання аб дзяржаўнай рэгістрацыі выдавец, вытворца і распаўсюджвальнік абавязаны прыпыніць адпаведна выдавецкую дзейнасць, паліграфічную дзейнасць і распаўсюджванне друкаваных выданняў на тэрмін, указаны ў паведамленні.

4. Выдавец, вытворца і распаўсюджвальнік не пазней чым у трохдзённы тэрмін пасля заканчэння тэрміну, устаноўленага ў паведамленні аб прыпыненні дзеяння пасведчання аб дзяржаўнай рэгістрацыі, абавязаны пісьмова паведаміць у Міністэрства інфармацыі аб устараненні парушэнняў, якія сталі падставай для прыпынення дзеяння пасведчання аб дзяржаўнай рэгістрацыі, з прадстаўленнем пацвярджаючых дакументаў, за выключэннем выпадкаў, указаных у частках другой і трэцяй пункта 1 гэтага артыкула.

Артыкул 33. Спыненне дзеяння пасведчання аб дзяржаўнай рэгістрацыі

1. Выключаны.

2. Дзеянне пасведчання аб дзяржаўнай рэгістрацыі спыняецца па рашэнні Міністэрства інфармацыі ў выпадку, калі:

дзяржаўная рэгістрацыя, перарэгістрацыя прызнаны несапраўднымі;

выдавец, вытворца і распаўсюджвальнік не прайшлі дзяржаўную перарэгістрацыю ў выпадках, указаных у пункце 1 артыкула 24 гэтага Закона;

вытворцам прыняты заказ на выраб друкаванага выдання ад асобы, якая падлягае дзяржаўнай рэгістрацыі ў якасці выдаўца ў парадку, устаноўленым гэтым Законам, і не мае пасведчання аб дзяржаўнай рэгістрацыі, або ад выдаўца, у пасведчанні аб дзяржаўнай рэгістрацыі якога не ўказаны той від (віды) друкаванага выдання, на выраб якога размяшчаецца заказ;

вытворцам набыта друкарскае абсталяванне без атрымання дазволу ў парадку, устаноўленым Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь;

ліквідаваны (спынена дзейнасць) выдавец, вытворца, распаўсюджвальнік – юрыдычная асоба, прадстаўніцтва замежнай арганізацыі, індывідуальны прадпрымальнік;

выдавец, вытворца і распаўсюджвальнік ажыццяўлялі адпаведна выдавецкую дзейнасць, паліграфічную дзейнасць, распаўсюджванне друкаваных выданняў у перыяд прыпынення дзеяння пасведчання аб дзяржаўнай рэгістрацыі або ў тэрмін, устаноўлены пунктам 4 артыкула 32 гэтага Закона, пісьмова не паведамілі ў Міністэрства інфармацыі аб устараненні парушэнняў, якія сталі падставай для прыпынення дзеяння пасведчання аб дзяржаўнай рэгістрацыі, з прадстаўленнем пацвярджаючых дакументаў;

выдавец, вытворца і распаўсюджвальнік або іх паўнамоцны прадстаўнік пісьмова паведамілі аб спыненні адпаведна выдавецкай дзейнасці, паліграфічнай дзейнасці, распаўсюджвання друкаваных выданняў;

у адносінах да выдаўца, вытворцы і распаўсюджвальніка на працягу дванаццаці месяцаў два і больш разы прыпынялася дзеянне пасведчання аб дзяржаўнай рэгістрацыі, за выключэннем выпадкаў, указаных у частках другой і трэцяй пункта 1 артыкула 32 гэтага Закона;

выдавец выпусціў у свет друкаваныя выданні, што змяшчаюць інфармацыйныя паведамленні і (або) матэрыялы, распаўсюджванне якіх здольна нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь, або прыкметы праяўлення экстрэмізму ці элементы прапаганды парнаграфіі, насілля і жорсткасці;

выдавец выпусціў у свет друкаваныя выданні, што змяшчаюць звесткі, якія прапагандуюць ужыванне наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх аналагаў, таксічных і іншых адурманьваючых рэчываў, звесткі аб спосабах і метадах распрацоўкі, вырабу, выкарыстання і месцах набыцця наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсараў і аналагаў, інфармацыю аб спосабах вырабу выбуховых прыстасаванняў і выбуховых рэчываў, а таксама прадметаў, паражальнае дзеянне якіх заснавана на выкарыстанні гаручых рэчываў;

выдавец выпусціў у свет друкаваныя выданні, што змяшчаюць інфармацыю, распаўсюджванне якой забаронена рашэннем суда, якое ўступіла ў законную сілу;

распаўсюджвальнік ажыццяўляе распаўсюджванне друкаваных выданняў, указаных у абзацах дзясятым–дванаццатым гэтага пункта.

3. Дзеянне пасведчання аб дзяржаўнай рэгістрацыі спыняецца:

па падставе, прадугледжанай абзацам другім пункта 2 гэтага артыкула, – з дня прыняцця рашэння аб дзяржаўнай рэгістрацыі, перарэгістрацыі;

па падставе, прадугледжанай абзацам трэцім пункта 2 гэтага артыкула, – на наступны дзень пасля заканчэння месячнага тэрміну для падачы ў Міністэрства інфармацыі заявы аб дзяржаўнай перарэгістрацыі па падставах, прадугледжаных пунктам 1 артыкула 24 гэтага Закона;

па падставах, прадугледжаных абзацамі чацвёртым–шостым, восьмым–трынаццатым пункта 2 гэтага артыкула, – з дня прыняцця рашэння аб спыненні дзеяння пасведчання аб дзяржаўнай рэгістрацыі;

па падставе, прадугледжанай абзацам сёмым пункта 2 гэтага артыкула, – з дня прыняцця рашэння аб прыпыненні дзеяння пасведчання аб дзяржаўнай рэгістрацыі.

4. Не дапускаецца спыненне дзеяння пасведчання аб дзяржаўнай рэгістрацыі па падставе, прадугледжанай абзацам восьмым пункта 2 гэтага артыкула, калі пісьмовае паведамленне аб спыненні выдавецкай дзейнасці, паліграфічнай дзейнасці, распаўсюджвання друкаваных выданняў накіравана адпаведна выдаўцом, вытворцам і распаўсюджвальнікам або іх паўнамоцным прадстаўніком пазней (у дзень) наступлення падзей, якія сталі падставамі для спынення дзеяння пасведчання аб дзяржаўнай рэгістрацыі, прадугледжанымі абзацамі другім, трэцім і сёмым пункта 2 гэтага артыкула.

5. Выдавец, вытворца і распаўсюджвальнік, дзеянне пасведчання аб дзяржаўнай рэгістрацыі якіх спынена па падставах, прадугледжаных абзацамі другім, пятым, сёмым, дзявятым–трынаццатым пункта 2 гэтага артыкула, на працягу дванаццаці месяцаў з дня прыняцця рашэння аб спыненні дзеяння пасведчання аб дзяржаўнай рэгістрацыі не маюць права звярнуцца ў Міністэрства інфармацыі з заявай.

6. Міністэрства інфармацыі вядзе спіс друкаваных выданняў, што змяшчаюць інфармацыйныя паведамленні і (або) матэрыялы, распаўсюджванне якіх здольна нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь, і размяшчае яго на сваім афіцыйным сайце ў глабальнай камп’ютарнай сетцы Інтэрнэт. Уключэнне звестак у гэты спіс ажыццяўляецца на працягу дзесяці рабочых дзён з дня афармлення Рэспубліканскай камісіяй заключэння аб наяўнасці ў друкаваным выданні інфармацыйных паведамленняў і (або) матэрыялаў, распаўсюджванне якіх здольна нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь.

ГЛАВА 7
ЗАКЛЮЧНЫЯ ПАЛАЖЭННІ

Артыкул 34. Пераходныя палажэнні

1. Калі юрыдычныя асобы, прадстаўніцтвы замежных арганізацый або індывідуальныя прадпрымальнікі ажыццяўляюць на дзень уступлення ў сілу гэтага Закона выдавецкую і (або) паліграфічную дзейнасць на падставе выдадзеных спецыяльных дазволаў (ліцэнзій), яны маюць права ажыццяўляць выдавецкую і (або) паліграфічную дзейнасць без дзяржаўнай рэгістрацыі на працягу дванаццаці месяцаў з даты ўступлення ў сілу гэтага Закона, за выключэннем выпадку, указанага ў частцы другой гэтага пункта.

У выпадку, калі тэрмін дзеяння спецыяльных дазволаў (ліцэнзій) заканчваецца раней чым праз дванаццаць месяцаў з даты ўступлення ў сілу гэтага Закона, асобы, указаныя ў частцы першай гэтага пункта, маюць права ажыццяўляць выдавецкую і (або) паліграфічную дзейнасць без дзяржаўнай рэгістрацыі да заканчэння тэрміну дзеяння спецыяльных дазволаў (ліцэнзій).

Калі асобы, указаныя ў частках першай і другой гэтага пункта, маюць намер у далейшым ажыццяўляць выдавецкую і (або) паліграфічную дзейнасць, яны або іх паўнамоцны прадстаўнік абавязаны да заканчэння тэрмінаў, устаноўленых часткамі першай і другой гэтага пункта, падаць у Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь заяву аб дзяржаўнай рэгістрацыі іх у якасці выдаўца і (або) вытворцы з прадстаўленнем арыгінала (дубліката) спецыяльнага дазволу (ліцэнзіі). Вытворцы, якія ажыццяўляюць паліграфічную дзейнасць на падставе спецыяльных дазволаў (ліцэнзій), у тым ліку выконваюць работы і (або) аказваюць паслугі, што будуць падлягаць ліцэнзаванню, адначасова з падачай заявы аб дзяржаўнай рэгістрацыі іх у якасці вытворцы абавязаны падаць заяву аб унясенні змяненняў у спецыяльныя дазволы (ліцэнзіі) на паліграфічную дзейнасць у парадку, устаноўленым заканадаўчымі актамі.

Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь ажыццяўляе дзяржаўную рэгістрацыю асоб, указаных у частках першай і другой гэтага пункта, без выплаты імі дзяржаўнай пошліны за дзяржаўную рэгістрацыю.

2. Калі асобы, указаныя ў частках першай і другой пункта 1 гэтага артыкула, своечасова не падалі ў Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь заяву аб дзяржаўнай рэгістрацыі іх у якасці выдаўца і (або) вытворцы, што прадугледжана пунктам 1 гэтага артыкула, яны маюць права падаць у Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь заяву аб дзяржаўнай рэгістрацыі іх у якасці выдаўца і (або) вытворцы ў адпаведнасці з рэгістрацыйнымі патрабаваннямі, прадугледжанымі артыкулам 23 гэтага Закона. Вытворцы, якія ажыццяўляюць паліграфічную дзейнасць на падставе спецыяльных дазволаў (ліцэнзій), у тым ліку выконваюць работы і (або) аказваюць паслугі, што будуць падлягаць ліцэнзаванню, адначасова з падачай заявы аб дзяржаўнай рэгістрацыі іх у якасці вытворцы абавязаны падаць заяву аб унясенні змяненняў у спецыяльныя дазволы (ліцэнзіі) на паліграфічную дзейнасць у парадку, устаноўленым заканадаўчымі актамі.

3. Калі асобы, указаныя ў частцы першай пункта 1 гэтага артыкула, не маюць намеру ажыццяўляць у далейшым адпаведна выдавецкую і (або) паліграфічную дзейнасць, яны абавязаны не пазней чым праз чатырнаццаць месяцаў з даты ўступлення ў сілу гэтага Закона здаць у Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь арыгіналы (дублікаты) спецыяльных дазволаў (ліцэнзій).

Калі асобы, указаныя ў частцы другой пункта 1 гэтага артыкула, не маюць намеру ажыццяўляць у далейшым адпаведна выдавецкую і (або) паліграфічную дзейнасць, яны абавязаны не пазней чым праз два месяцы з дня заканчэння тэрміну дзеяння спецыяльных дазволаў (ліцэнзій) здаць у Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь арыгіналы (дублікаты) спецыяльных дазволаў (ліцэнзій).

4. Распаўсюджвальнікі, якія на дзень уступлення ў сілу гэтага Закона ажыццяўляюць распаўсюджванне друкаваных выданняў, маюць права на працягу шасці месяцаў з дня ўступлення ў сілу гэтага Закона ажыццяўляць такую дзейнасць без дзяржаўнай рэгістрацыі.

Артыкул 35. Меры па рэалізацыі палажэнняў гэтага Закона

Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь у шасцімесячны тэрмін:

падрыхтаваць і ўнесці ва ўстаноўленым парадку прапановы па прывядзенні заканадаўства ў адпаведнасць з гэтым Законам;

прыняць іншыя меры, неабходныя для рэалізацыі палажэнняў гэтага Закона.

Артыкул 36. Уступленне ў сілу гэтага Закона

Гэты Закон уступае ў сілу праз шэсць месяцаў пасля яго афіцыйнага апублікавання, за выключэннем гэтага артыкула і артыкула 35, якія ўступаюць у сілу з дня афіцыйнага апублікавання гэтага Закона.

 

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь

А.Лукашэнка

 

Здравствуйте, данный браузер не поддерживается нашей системой, для продолжения работы воспользуйтесь другим браузером.